БЕЛ Ł РУС

Губернатар Смаленскай вобласці паскардзіўся Рапоту на МТЗ і БелАЗ

28.01.2014 / 01:40

Губернатар Смаленскай вобласці Аляксей Астроўскі сустрэўся з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Грыгорыем Рапотам і абмеркаваў вострыя моманты, звязаныя з супрацоўніцтвам прадпрыемстваў Смаленшчыны і Беларусі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба адміністрацыі вобласці.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні аказання дапамогі ва ўрэгуляванні спрэчных момантаў, якія ўзніклі ва ўзаемаадносінах ААТ «Сафонаўскі электрамашынабудаўнічы завод», якое ўваходзіць у склад Расійскага электратэхнічнага канцэрна «Русэлпрам», з жодзінскім «БелАЗам».

Прадпрыемствы ўжо доўгі час супрацоўнічаюць, але з другога паўгоддзя 2013 беларускія партнёры перасталі плаціць за адгружаную прадукцыю.

На 20 студзеня 2014 пазычанасць перад сафонаўскім прадпрыемствам склала 37,1 млн расійскіх рублёў (каля 1 млн даляраў), і завод перастаў адгружаць у Беларусь вырабленыя генератары. Складскія запасы прадукцыі для ААТ «БелАЗ» на сёння ацэньваюцца ў 29,7 млн расійскіх рублёў.

Меў пазычанасць беларускі бок і перад Смаленскім аўтаагрэгатным заводам. Нягледзячы на тое, што беларускія прадпрыемствы пагасілі большую частку пазычанасці, Аляксей Астроўскі адзначыў, што рэалізаваная ў Беларусі праграма імпартазамяшчэння прывяла да таго, што значна знізіліся аб'ёмы паставак крапежных вырабаў і вузлоў трансмісіі, якія вырабляюцца смаленскім і Раслаўльскім аўтаагрэгатным заводам. Кіраўнік рэгіёна папрасіў дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы аказаць садзейнічанне ў стабілізацыі сітуацыі з пастаўкамі расійскай прадукцыі беларускім аўтагігантам.

Прэтэнзіі ў губернатара Смаленскай вобласці ёсць і да МТЗ.

«Аграпрамысловая кампанія», якая ажыццяўляе ліцэнзійную зборку трактароў маркі «Беларус» і дарожна-будаўнічых і камунальных машын, выпускала ў год каля 2800 адзінак тэхнікі. Аднак у 2012 і 2013 гадах адбылося рэзкае падзенне вытворчасці (да 77 адзінак у год), звязанае з тым, што «Мінскі трактарны завод» перавёў «аграпрамысловыя кампаніі» на перадаплату.

Аляксей Астроўскі звярнуўся да Грыгорыя Рапоты з просьбай аказаць садзейнічанне ў разглядзе ўладамі Беларусі пытання аб пастаўцы Мінскім трактарным заводам на адрас «Аграпрамысловай кампаніі» ў першым квартале 2014 трактаракамплектаў у неабходных аб'ёмах (штомесяц па 50 камплектаў) на ўмовах адтэрміноўкі плацяжу ў 30 рабочых дзён з моманту адгрузкі. Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ў якасці гарантыі аплаты кампанія гатова прадставіць наяўныя ў яе ўласнасці актывы ў выглядзе зямельнага ўчастка, вытворчых цэхаў і абсталявання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула