Лукашэнка раскрытыкаваў Белкаапсаюз: Нічога не было зроблена
Аляксандр Лукашэнка патрабуе кардынальнага паляпшэння фінансавага стану сістэмы спажывецкай кааперацыі і нарошчвання пазіцый на ўнутраным спажывецкім і знешнім рынках. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб стане і развіцці спажывецкай кааперацыі Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, назначаючы ў снежні мінулага года новага старшыню праўлення Белкаапсаюза, дамаўляліся, што ў пачатку 2014 года ён прадставіць тое, як будзе працаваць, функцыянаваць сістэма Белкаапсаюза, што будзе зроблена для ўдасканалення яе дзейнасці і вываду з фінансавай ямы.
«Белкаапсаюз у нас ніколі не вызначаўся. І калі яму былі прадстаўлены нядрэнныя магчымасці ў канкурэнтнай барацьбе на гэтым полі, за гэты час практычна, акрамя барацьбы з карупцыяй, больш нічога не было зроблена», — сказаў ён.
Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што кааператыўны гандаль з'яўляецца важнейшай крыніцай забеспячэння сельскіх жыхароў харчовымі і прамысловымі таварамі, усім неабходным для жыцця і вядзення падсобных гаспадарак. Паводле яго слоў, гэта амаль чвэрць насельніцтва краіны.
«Ды і ў раённых цэнтрах якасць і разнастайнасць паслуг, што аказваюцца насельніцтву, у многім вызначаюцца работай прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі. Гэта яшчэ плюс больш як мільён чалавек», - дадаў кіраўнік дзяржавы.
«Белкаапсаюз» — гэта шматгаліновая структура, якая аб'ядноўвае розныя напрамкі дзейнасці: ад закупак і вытворчасці сыравіны да яе перапрацоўкі і рэалізацыі, аказання розных паслуг насельніцтву, — адзначыў Лукашэнка. — Менавіта таму дзяржава не можа быць убаку ад выніковасці іх дзейнасці».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што работа Белкаапсаюза не раз крытыкавалася.
У лютым мінулага года на агульным сходзе яго прадстаўнікоў Лукашэнка вылучыў асноўныя праблемы і недапрацоўкі, якія неабходна ўстараняць. «Аднак былое кіраўніцтва з гэтым не справілася», - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запатрабаваў дэталёвых аргументаваных адказаў, перш за ўсё на пытанне, якія меры прадугледжваюцца для кардынальнага паляпшэння фінансавага стану сістэмы спажывецкай кааперацыі, а таксама як плануецца павысіць маштабнасць і якасць абслугоўвання, не толькі ўтрымаць, але і нарасціць свае пазіцыі на ўнутраным спажывецкім і знешнім рынках. Лукашэнка адзначыў, што ў сістэме спажывецкай кааперацыі амаль 80% нізкарэнтабельных арганізацый.