Вярхоўная Рада вярнула Канстытуцыю 2004 года
Вярхоўная Рада Украіны канстытуцыйнай большасцю прыняла закон аб аднаўленні дзеяння асобных палажэнняў Канстытуцыі Украіны 2004 года.
За гэты закон прагаласавалі 386 з 397 народных дэпутатаў, зарэгістраваных у сесійнай зале.
За гэтае рашэнне прагаласавалі 140 дэпутатаў з фракцыі Партыі рэгіёнаў, 89 — «Бацькаўшчына», 40 — «УДАР», 35 — «Свабода», 32 — КПУ, 50 - пазафракцыйных.
Лідар «Бацькаўшчыны» Арсень Яцанюк адзначыў, што ў выніку прыняцця Вярхоўная Рада «атрымае паўнамоцтвы на прызначэнне ўрада, усіх членаў кабінета міністраў, уплыў на ахоўную, судовую і іншыя галіны ўлады».
«ВР перастане быць падраздзяленнем адміністрацыі прэзідэнта», — падкрэсліў Яцанюк.
«ВР зможа рэалізаваць тое, на што спадзяецца Майдан і патрабуе ўкраінскі народ — права і справядлівасць», — дадаў Яцанюк.
Ён таксама нагадаў, што дзейны прэзідэнт абіраўся па Канстытуцыі 2004 года, але КС незаконна адмяніў асобныя палажэнні ўкраінскай Канстытуцыі.
«Гэты закон у цэлым аднаўляе рэдакцыю Канстытуцыі 2004 года», — дадаў ён.
У акце прадугледжваецца, што Вярхоўная Рада зможа сфармаваць кааліцыю дэпутацкі фракцый, якая будзе фармавацца як фракцыямі так і асобнымі дэпутатамі.
Па гэтым законе ВР будзе ажыццяўляць паўнамоцтвы да кастрычніка 2017 года.
«Гэта толькі першы крок да аднаўлення права і справядлівасці ў краіне, нам трэба яшчэ вельмі шмат зрабіць, каб прынесці мір і стабільнасць у Украіне, каб аднавіць яе, каб прыцягнуць да адказнасці кожнага, хто выдаваў незаконныя загады, хто забіваў і здзекаваўся з людзей», - адзначыў ён.