БЕЛ Ł РУС

«Мінёра» адзінаццаці маладзечанскіх школ будуць судзіць

25.02.2014 / 11:28

СМ

Яму пагражае да сямі гадоў калоніі.

Завершана расследаванне крымінальнай справы супраць маладзечанца, які ў верасні паведаміў аб мініраванні адзінаццаці ўстаноў адукацыі горада.

Маладзечанскія школы 5 верасня атрымалі па пошце лісты з патрабаваннем пералічыць 10 тысяч даляраў на пэўны рахунак. У супрацьлеглым выпадку ананім пагражаў узарваць бомбу. Школы эвакуавалі, але выбуховак не знайшлі. Праўда, вылічылі «мінёра».

«Устаноўлена, што ўраджэнец Маладзечанскага раёна, 1983 года нараджэння, каб скампраметаваць і адпомсціць свайму знаёмаму, ад імя апошняга зарэгістраваў электронную скрыню і электронны паштовы кашалёк, выкарыстаўшы для гэтага бесправадную кропку доступу да сеткі Інтэрнэт (WI-FI), — паведаміла прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. — У выніку такіх злачынных дзеянняў нанесена шкода ў выглядзе дэзарганізацыі нармальнай працы ўстаноў адукацыі, а таксама выдаткі на мабілізацыю служб склалі больш за 119 мільёнаў беларускіх рублёў».

Судзіць мужчыну будуць за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, а таксама за загадзя лжывае паведамленне пра мяркуемы выбух, што пацягнула нанясенне шкоды ў буйным памеры і іншыя цяжкія наступствы. Яму пагражае да сямі гадоў калоніі.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула