ЗША замарозілі экспарт абароннай прадукцыі ў Расію
Дзярждэпартамэнт ЗША спыніў экспарт тавараў і паслуг абароннага значэння ў Расію.
Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША паведаміў агенцтву Bloomberg, што міністэрства часова спыніла выдачу ліцэнзіі на экспарт тавараў і паслуг абароннага значэння ў Расію.
Пастанова прынятая ў сувязі з агрэсіяй Масквы супраць Украіны.
Раней ЕС, ЗША і Японія ўжо прынялі шэраг санкцый супраць Расіі ў сувязі з яе пазіцыяй наконт Крыма. Японскія санкцыі сталіся аднымі з самых мяккіх: Токіа замарозіў перамовы аб змякчэнні візавага рэжыму і спыніў перамовы аб пагадненнях пра інвестыцыі і выкарыстанне касмічнай прасторы. ЕС увёў персанальныя санкцыі, замарозіўшы актывы і ўвёўшы забарону на выдачу віз у дачыненні да блізкага кола прэзідэнта Пуціна.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў указ, які дае права ўвесці санкцыі ў дачыненні да асноўных сэктараў эканомікі Расіі. Таксама ён абвясціў аб павелічэнні спісу асоб, у дачыненні да якіх ЗША ўводзяць абмежавальныя захады — гэты спіс закранае два дзясяткі чалавек.