Новым кіраўніком Антытэрарыстычнага цэнтру Украіны стаў легендарны камандзір «Альфы»
Васіль Крутаў прызначаны першым намеснікам кіраўніка СБУ і старшынёй антытэрарыстычнага цэнтра пры СБУ.
Адпаведны ўказ у панядзелак падпісаў в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў.
Раней на гэтую пасаду быў прызначаны Віталь Цыганок, якога ў панядзелак Турчынаў сваімі іншымі ўказамі вызваліў ад пасад кіраўніка АТЦ і першага намесніка кіраўніка СБУ ды прызначыў яго намеснікам старшыні СБУ.
Крутава называюць «легендай спецпадраздзялення «Альфа».
Ён генерал-лейтэнант Службы бяспекі Украіны, кандыдат педагагічных навук, доктар юрыдычных навук, прафесар. Ён удзельнічаў у вызваленні ўкраінскіх маракоў з судна «Фаіна» ад самалійскіх піратаў.