Нацбанк абмежаваў працэнтныя стаўкі па крэдытах для юрыдычных асоб
Нацыянальны банк Беларусі абмежаваў працэнтныя стаўкі па крэдытах для юрыдычных асоб — рэзідэнтаў краіны ў нацыянальнай валюце. Адпаведнае рашэнне замацавана ў пастанове галоўнага рэгулятара нумар 260 ад 22 красавіка 2014 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, максімальны памер працэнтных ставак па крэдытаванні юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце не павінен перавышаць на дзень заключэння крэдытнага дагавора сярэднюю працэнтную стаўку па новых крэдытах у беларускіх рублях за апошні справаздачны месяц (без уліку крэдытаў, што прадастаўляюцца на льготных умовах па рашэннях Прэзідэнта і ўрада Беларусі).
Як раней тлумачылі ў НББ, гэты дакумент распрацаваны ў мэтах далейшага зніжэння банкамі працэнтных ставак па крэдытах для юрыдычных асоб і павышэння даступнасці крэдытных рэсурсаў для рэальнага сектара эканомікі.
Працэнтная стаўка прымяняецца з дня, наступнага за днём размяшчэння інфармацыі аб ёй на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка Беларусі, удакладняецца ў пастанове.
Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і дзейнічае да 1 студзеня 2015 года.