Дзмітрый Мядзведзеў заступіўся за фэйсбук: Некаторым чыноўнікам трэба ўключаць мазгі
Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў пракаментаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку ініцыятыву Раскамнагляду аб магчымасці блакавання доступу ў Расіі да facebook і twitter:
«Як актыўны карыстальнік сацыяльных сетак лічу, што расійскае заканадаўства абавязаны выконваць усё — і самі сеткі, і карыстальнікі. Але асобным чыноўнікам, якія адказваюць за развіццё галіны, трэба час ад часу ўключаць мазгі. І не даваць інтэрв'ю, якія абвяшчаюць пра закрыццё сацыяльных сетак», — напісаў ён.
Нагадаем, што сёння прэс-сакратар Раскамнагляда Вадзім Ампелонскі заявіў, што ў ведамстве сапраўды разглядаюць магчымасць поўнай блакіроўкі Twitter і Facebook і не бачаць у гэтым ніякіх рызык.
«Максім Ксянзоў досыць выразна і падрабязна сфармуляваў пазіцыю Раскамнагляду», — заявіў Ампелонскі тэлеканалу Дождь.
«Гэта намеснік кіраўніка. Натуральна, ён выступаў не як Максім Ксянзоў, а як афіцыйны прадстаўнік нашага ведамства», — дадаў ён.
Раней Ксянзоў заявіў у СМІ, што кіраўніцтва некаторых замежных інтэрнэт-кампаній не ідзе на кантакт з расійскімі ўладамі і «выкарыстоўваюць карыстальнікаў як інструмент палітыкі». Раскамнагляд успрымае гэта як «сацыяльную пагрозу» і гатовы заблакаваць Twitter або Facebook у Расіі, бо не бачыць у гэтым вялікіх рызык.