БЕЛ Ł РУС

Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання з 22,5 да 21,5% гадавых

16.05.2014 / 12:43

З 19 мая стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка будзе зніжана на 1 працэнтны пункт і ўстаноўлена на ўзроўні 21,5% гадавых. Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем галоўнага банка краіны. 

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка, гэтая мера дазволіць павысіць даступнасць крэдытаў пры адначасовым захаванні высокага ўзроўню даходнасці па рублёвых дэпазітах, які перавышае даходнасць дэпазітаў у замежнай валюце.

«Нацыянальны банк у маі прадоўжыў паступовае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, якія знаходзяцца на значным станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні. Пры гэтым у цэлым падыходы да правядзення грашова-крэдытнай палітыкі застаюцца дастаткова жорсткімі, садзейнічаючы падтрыманню макраэканамічнай збалансаванасці», — гаворыцца ў паведамленні галоўнага банка краіны.

Апошні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжалася 16 красавіка. Тады яна была паменшана таксама на 1% — з 23,5 да 22,5% гадавых. 

Стаўка рэфінансавання на ўзроўні 23,5% заставалася нязменнай з ліпеня 2013 года.

Асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год прадугледжваюць, што стаўка рэфінансавання ў сярэднім за год складзе 14—16%. Для выхаду на такое значэнне стаўка рэфінансавання да канца 2014 года павінна скласці 11—13%, гаварылася ў абгрунтаванні Нацбанка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула