На Прыпяці сутыкнуліся дзве лодкі
На рацэ Прыпяць у Жыткавіцкім раёне сутыкнуліся два маламерныя судны. Аварыя адбылася 31 мая ў 16.30 за 10 метраў ад берага. Судны накіроўваліся сустрэчным курсам.
Першым суднам кіраваў мужчына 1958 года нараджэння, жыхар Салігорска (Мінская вобласць), на борце з ім знаходзіўся яшчэ адзін чалавек. Другім суднам кіраваў жыхар Магілёва 1978 года нараджэння. На яго борце знаходзіліся тры чалавекі.
У выніку здарэння маламерныя судны атрымалі механічныя пашкоджанні. Ніхто з людзей не пацярпеў.
Усе ўдзельнікі сутыкнення былі ў ратавальных камізэльках, кіроўцы суднаў мелі пасведчанні на права кіравання маламерным суднам.
Адзін з іх быў п'яны. У дачыненні да яго вынесена пастанова аб учыненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 18.8 КоАП.