Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту пакуль не разглядаецца
Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі зараз не разглядаецца, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, адказваючы 18 чэрвеня на пытанні дэпутатаў на сесіі палаты прадстаўнікоў.
«Гэтае пытанне вельмі важнае для людзей, — падкрэсліла яна. — Грамадскае меркаванне сёння негатыўна адносіцца да магчымага павышэння пенсійнага ўзросту. У міністэрстве сёння мы не працуем над якімі-небудзь дакументамі, якія прадугледжвалі б яго павышэнне».
Замест павышэння пенсійнага ўзросту, працягнула Шчоткіна, у Мінпрацы праводзяць работу па стымуляванні працягу працы людзей пасля выхаду на пенсію.
Міністр зазначыла, што памер пенсій у Беларусі невялікі: у маі ён склаў у сярэднім 2 млн. 413 тыс. рублёў.
«Пяцьдзясят пяць — шасцьдзясят гадоў — не той узрост, які не дазваляе працаваць. Умовы і вакансіі для працы ў пенсіянераў ёсць», — заявіла Шчоткіна.
Варта зазначыць, што ў Беларусі захоўваецца нізкі пенсійны ўзрост — 55 гадоў для жанчын і 60 для мужчын. Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, такія ўзроставыя крытэрыі для звяртання па пенсію на постсавецкай прасторы дзейнічаюць толькі ў Расіі і ва Узбекістане.
Як зазначала падчас адной з нядаўніх анлайн-канферэнцый Марыяна Шчоткіна, «ва ўмовах старэння насельніцтва пенсійны ўзрост павышаюць многія краіны, у тым ліку і большасць дзяржаў на постсавецкай прасторы».
«Зараз мы пайшлі па шляху стымулявання больш позняга звароту па пенсію. Дарэчы, у стратэгіі доўгатэрміновага развіцця пенсійнай сістэмы ў Расійскай Федэрацыі прадугледжваецца ўвядзенне аналагічнага падыходу», — заявіла міністр. Яна таксама выказала меркаванне, што павышэнне пенсійнага ўзросту павінна праходзіць сінхронна ў Беларусі і Расіі, паколькі яны ствараюць Саюзную дзяржаву.
Асноўныя кірункі рэфармавання пенсійнай сістэмы акрэсліў у сваім красавіцкім пасланні да народа і парламента кіраўнік дзяржавы. Зазначыўшы, у прыватнасці, што «рабочых рук становіцца менш, а пенсіянераў дастаткова шмат», Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць «глыбей падумаць, як зацікавіць насельніцтва працаваць больш працяглы час пасля дасягнення пенсійнага ўзросту».