БЕЛ Ł РУС

У Магілёве праваслаўная царква просіць вярнуць ёй будынак дзіцячай творчасці, бацькі катэгарычна супраць

24.06.2014 / 09:39

У Магілёве бацькі выхаванцаў цэнтра тэхнічнай творчасці па завулку Дарвіна 1, выступілі супраць перадачы будынка праваслаўнай царквы. 

radzima.org

Пытанне аб перадачы будынка цэнтра абмяркоўвалася 23 чэрвеня на сустрэчы прадстаўнікоў аблвыканкама, праваслаўнай царквы, кіраўніцтва цэнтра, бацькоў выхаванцаў. Перадачу будынка ініцыяваў праваслаўны клір Магілёўскай вобласці сумесна з найболей актыўнымі вернікамі. Акрамя ўлад, яны звярнуліся да выкладчыкаў і бацькоў навучэнцаў структуры дадатковай адукацыі. 

«Будынак, у якім знаходзіцца цяпер цэнтр тэхнічнай творчасці, з'яўляецца праваслаўнай святыняй — храмам у гонар святых Канстанціна і Алены (да 1917 года гэта была царква ваенных святароў (капеланаў), вядомая як «Канстанцінаўская»)», — гаворыцца ў звароце вернікаў. 

Яны выказваюць падзяку ўсім, хто ўсе гэтыя гады спрыяў захаванню будынка, але прапаноўваюць цяперашнім выкладчыкам і навучэнцам пераехаць у іншае месца. «Цяпер з'явілася рэальная магчымасць вярнуць храм хрысціянам і адрадзіць святое месца. Пачаць перашкаджаць гэтаму — значыць, памяняць пазіцыю захавальніка святыні на пазіцыю адкрытага богаборцы», — адзначаецца ў дакуменце, які, паводле слоў прадстаўніка вернікаў, падпісалі каля 1.500 чалавек. 

Да пазіцыі царквы добразычліва паставіліся абласныя ўлады, якія прапанавалі размясціць гурткі і секцыі цэнтра ў іншых месцах Магілёва, угледжваючы ў гэтым магчымасць аптымізацыі творчага і адукацыйнага працэсу. 

Бацькі навучэнцаў выступілі катэгарычна супраць расфарміравання адзінай структуры, угледзеўшы ў гэтым знішчэнне як самога цэнтра, так і яго калектыву, які выхаваў многія пакаленні захопленых тэхнікай дзяцей.

Ва ўстанове каля 60 гадоў займаюцца авія-, аўта-, судамадэліраваннем, ствараюць тэхнічныя вырабы, якія затым удзельнічаюць у розных конкурсах і спаборніцтвах; трэніруюцца юныя картынгісты. Усе яны, паводле слоў бацькоў, годна прадстаўлялі вобласць на розных спаборніцтвах, у тым ліку міжнародных. 

«Мы не супраць таго, каб гэты будынак быў перададзены царкве, але дайце адэкватнае месца, каб усе гурткі размясціліся ў адным месцы, каб быў захаваны цэнтр тэхнічнай творчасці, не быў раскіданы па ўсім горадзе», — заяўлялі бацькі, адзначаючы, што інакш «будзе страчана ўсё, што стваралася на працягу 60 гадоў». 

Пасля амаль гадзіннага абмеркавання пытання начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў заявіў, што, улічваючы меркаванне бацькоў, будынак застанецца цэнтрам тэхнічнай творчасці. У той жа час, паводле яго слоў, пытанне аб перадачы будынка царквы застаецца адкрытым.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула