У Мінску футбольныя хуліганы блакавалі тралейбус, разбілі ў ім шыбы і распылілі газ
фота ілюстрацыйнае
Выпадак адбыўся днём 29 чэрвеня ў Мінску. Недалёка ад гандлёвага цэнтра «Maximus» маладыя людзі на некалькіх машынах блакавалі рух тралейбуса №3. Разбіўшы ў ім шыбы і пашкодзіўшы корпус, хуліганы распылілі слёзацечны газ, пасля чаго збеглі, паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Мінска ўстанавілі асобы хуліганаў.
Дэбашырамі былі фанаты футбольнага клуба «Партызан», які выступае ў другой лізе. Прычынай вандалізму стала разборка з фанатамі іншага сталічнага клуба «Тарпеда», якія знаходзіліся ў салоне разам з іншымі пасажырамі.
У дачыненні да больш чым 10 футбольных фанатаў заведзена крымінальная справа па ч.2 арт.339 КК Беларусі «Хуліганства».
Усе падазраваныя змешчаныя ў ІЧУ, з імі праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, паведамляе прэс-служба.
Акрамя пакрыцця матэрыяльнай шкоды тралейбуснаму парку, фігурантам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў.