ЗША задаволеныя тым, што Беларусь не прызнала анэксію Крыма Расіяй
Злучаныя Штаты Амерыкі задаволеныя тым, што Беларусь не прызнала анэксію Крыма Расіяй. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Меліа 10 верасні журналістам у Мінску па выніках візіту міжведамаснай дэлегацыі ўрада ЗША.
«Выказваем задавальненне, што ўрад Беларусі не прызнаў анэксію Крыма Расіяй і што Мінск пагадзіўся прыняць сустрэчу па пошуку шляхоў вырашэння канфлікту ва Украіне», — сказаў ён.
Міжведамасная дэлегацыя ЗША знаходзіцца ў Мінску з 8 па 11 верасня.
9 верасня з дэлегацыяй сустрэўся намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў. У сустрэчы ўдзельнічалі памочнік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Пэйдж Александэр, намеснік памочніка міністра абароны ЗША Эвелін Фаркас, намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Томас Меліа, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, супрацоўнікі Дзярждэпартамента, рэгіянальнага аддзялення Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці і амбасады ЗША ў Мінску.