Пераможца «Фабрыкі зорак» адмовілася ад расійскіх узнагародаў
Пераможца папулярнага расійскага шоу «Фабрыка зорак» (2007) і ўдзельнік Расіі на «Еўрабачанні» (2009) украінская спявачка Анастасія Прыходзька адмовілася ад расійскіх узнагародаў і выставіла «залатыя талеркі» на дабрачынны аўкцыён, а грошы адправіць байцам у зону АТА.
Насця Прыходзька вечарам 1 снежня прэзентавала відэакліп, прысвечаны ўкраінскім байцам — «Героі не паміраюць». Падчас прэзентацыі спявачка дэманстратыўна вынесла на сцэну «залатыя талеркі», якія яна атрымала на расійскім «Муз-ТВ» і «Фабрыцы зорак».
«Я адмовілася ад усіх расійскіх узнагародаў. Калі ў некага яшчэ і былі якія-небудзь сумневы, спадзяюся іх больш няма і не будзе.
Хачу, вельмі хачу каб гэтыя «ўзнагароды» прынеслі карысць. Дапамаглі нашым байцам-салдатам і добраахвотнікам, а вата хай абураецца: «Дакуль рускія ўзнагароды будуць бандэраўцам дапамагаць!». Мне на іх напляваць! Мне галоўнае, каб нашы Героі вярнуліся дадому… Слава Україні!, — напісала Насця ў той жа вечар на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.