БЕЛ Ł РУС

Інжынер вырашыў, што ўзламаў сакрэтную базу, у яго нешта ўсялілася, і ён забіў маці

15.12.2014 / 12:21

Мужчына лічыў, што ўзламаў базу спецслужбаў, якія ў помсту за ім сачылі і маніпулявалі.

Трагічная гісторыя адбылася днём у аўторак, 9 снежня, пад Валожынам. Падрабязнасці распавяла старшы следчы Валожынскага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.

У дзяжурную часць міліцыі «хуткая дапамога» паведаміла пра смерць жыхаркі вёскі Каштаноўка, што прыкладна ў двух кіламетрах ад райцэнтра. На месца выехаў нарад міліцыі і фельчар. Спецыяліст ўбачыў колата-рэзаную рану на грудзях злева, крывападцёкі на целе. Кроў заўважылі ў доме.

У доме быў сын жанчыны, які і выклікаў «хуткую».

Калі ля загінулай працавалі спецыялісты, мужчына дзіўна сябе паводзіў:

− Спрабаваў уварвацца ў дом, − распавядае следчая. − Эксперты яшчэ не правялі агляд і думалі, што ён можа знішчыць доказы. Крыкам крычаў: «Госпадзі, ратуй і абарані! Кола замкнулася!»

Экспертыза паказала, што на правай скроні ў жанчыны сечаныя раны, а рана на грудзях дасягае сэрца. Гэты ўдар і стаў прычынай смерці.

У забойстве падазраюць яе сына. Ён практычна не п’е, яго паважаюць на рабоце і ў вёсцы. Працуе інжынерам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі на заводзе.

Лічыў, што за ім сочаць спецслужбы

Следчая паведаміла, што некалькі месяцаў таму мужчына прынёс дадому парамантаваць сістэмны блок ад камп’ютара. Нібыта з ім размаўляў і нават вырашыў, што ўзламаў базу нейкай спецслужбы − ці то КДБ, ці то Інтэрпола,

Пасля ў інжынера развілася манія пераследу. Лічыў, што за ім сочаць. За дзень да забойства маці, у якім падазраюць яго, сам выклікаў міліцыю. Ён прасіў абараніць яго ад тых, хто нібыта за ім сочыць.

− Паказваў блізкім, што на маніторы бегаюць лічбы, як у кіно, і казаў, што гэта хакеры падбіраюць коды. Ён гаворыць-гаворыць, а потым сам сабе: «А што ж я раблю?»

Павярнуўся да маці, сказаў: «Бывай» і ўдарыў

На допыце падазраваны прызнаўся ў забойстве, але не мог патлумачыць, чаму яго здзейсніў. Казаў, што ў яго нешта ўсялілася і кіравала. Ён расказаў, што рамантаваў камп’ютар, павярнуўся да маці, сказаў: «Бывай» і ўдарыў табурэтам па галаве.

Жанчына тры гады была ляжачай праз хваробу, яе станоўча характарызуюць.

Падазраваны жанаты, у яго двое дзяцей, якія вучацца ў ВНУ. Яго называюць гаспадарлівым: дом уладкоўваў сам.

Падазраванаму прызначылі стацыянарную комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

Крымінальную справу ўзбудзілі па артыкуле «Забойства заведама састарэлага». Магчымае пакаранне − ад 8 да 25 год пазбаўлення свабоды, пажыццёвае заключэнне ці смяротнае пакаранне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула