У Расіі затрыманы беларус, які здзейсніў крадзяжы ў Смаленску і Санкт-Пецярбургу
Расійская паліцыя затрымала «гастралёра» з Беларусі, які здзейсніў серыю крадзяжоў у Смаленску і Санкт-Пецярбургу, паведамілі ў прэс-службе ўпраўлення МУС Расіі па Смаленскай вобласці.
У 2014 годзе ў Смаленскай вобласці была здзейсненая серыя падобных крадзяжоў: у розныя ўстановы (крамы, сацыяльныя ўстановы, гасцініцу) прыходзіў адзін і той жа малады мужчына, называўся афіцыйнай асобай і, усяляк спрабуючы адцягнуць размовамі ўвагу работнікаў гэтых прадпрыемстваў, непрыкметна выкрадаў у іх кашалькі з грашыма, сотавыя тэлефоны і іншыя каштоўныя рэчы, пасля чаго імкліва ўцякаў з месца злачынства.
Пацярпелыя грамадзяне звярталіся па дапамогу ў паліцыю. Былі распачатыя крымінальныя справы па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 158 Крымінальнага кодэкса РФ «Крадзеж».
Падчас працы над раскрыццём серыі крадзяжоў супрацоўнікі крымінальнага вышуку выявілі, што да іх здзяйснення датычны 34-гадовы грамадзянін Беларусі, раней судзімы за аналагічныя злачынствы, без афіцыйнага месца жыхарства. «У ходзе адпрацоўкі знаёмых і сваякоў зламысніка паліцыянты атрымалі інфармацыю, што шуканы грамадзянін можа знаходзіцца на тэрыторыі Санкт-Пецярбурга», — паведамілі ў прэс-службе.
Пры ўзаемадзеянні з калегамі з паўночнай расійскай сталіцы падчас сумесных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікам крымінальнага вышуку ўдалося знайсці месцазнаходжання зламысніка. Як высветлілася, ён паспеў здзейсніць крадзеж грошай у наведвальніка аднаго з кафэ Санкт-Пецярбурга. Прагледзеўшы запісы з камер відэаназірання, паліцыянты высветлілі асобу шуканага і неўзабаве яго затрымалі.
Зламыснік арыштаваны. Расследаванне крымінальных спраў працягваецца. Паліцыянты правяраюць дачыненне падазронага да здзяйснення аналагічных злачынстваў як на тэрыторыі Смаленскай вобласці, так і Санкт-Пецярбурга.