Facebook выпусціў праграму для слабых смартфонаў
Сацыяльная сетка Facebook паклапацілася пра ўладальнікаў старых тэлефонаў на Android.
Праграма пад назвай Facebook Lite дасяжная праз Play Store пакуль толькі для абмежаванай колькасці краін у Азіі і Афрыцы. З Беларусі спампаваць яе копію на свой страх і рызыку можна, напрыклад, адсюль. У спісе праграм яна з’явіцца пад назвай «Lite».
Праграма з’яўляецца спрошчанай знешне, але амаль не пазбаўленай асноўнага функцыяналу версіяй асноўнай праграмы Facebook для смартфонаў. Яна патрабуе версію Android 2.2 альбо навейшую. У ёй можна чытаць і каментаваць запісы, дадаваць уласныя запісы і фота. Трафік сціскаецца з разліку на слабое 2G-злучэнне. Што важна, яна дазваляе весці перапіску без дапамогі баковай праграмы Messenger.
Facebook Lite «важыць» толькі 700 Кб на тэлефоне, у аператыўнай памяці займае каля 30 Мб.
Верагодна, яна спадабаецца не толькі ўладальнікам слабых смартфонаў.
Асноўную праграму Facebook цяжка выкарыстоўваць уладальнікам старых смартфонаў, яна патрабуе шмат памяці і сістэмных рэсурсаў. Дадатковая праблема — неабходнасць асобнай праграмы для перапіскі. Разам яны «важаць» 54 Мб і займаюць у «аператыўцы» 80-120 Мб.
Праграма Facebook Lite, як і асноўная праграма Facebook, пакуль не падтрымлівае беларускі інтэрфэйс, але падтрымлівае рускі.
Праграма відавочна разлічаная на экспансію на рынкі бедных краін, на якіх у бліжэйшы час чакаецца найбольшы рост карыстальнікаў. Дзеля падтрымкі такіх рынкаў Facebook і іншыя ІТ-гіганты запусцілі праект Internet.org, у межах якога дадуць бясплатны доступ да часткі інтэрнэту (навіны, адукацыя, пошук працы, надвор’е, Вікіпедыя, сацсеткі…) бедным краінам. Аналагічны Project Loon распачала Google.