Boeing запатэнтаваў сілавое поле для абароны баявой тэхнікі
Амерыканскі аэракасмічны гігант атрымаў патэнт на тэхналогію стварэння плазменнага поля, якое часткова абараняе ад выбуховай хвалі вайсковую тэхніку, паведаміў сайт cnet.com.
Сілавое поле ў «Зорных войнах», cmtt.ru
Патэнт, размешчаны ў дзяржаўнай базе дадзеных, называецца «Метад і сістэма затухання ўдарнай хвалі праз выкарыстанне электрамагнітнай дугі».
Тэхналогія не абараняе ад аскепкаў снарадаў і куляў, аднак і уласна ўдарная хваля ад блізкіх выбухаў нават часцей выводзіць са строю як лёгкабраніраваныя, гэтак і цяжкія баявыя машыны.
Сістэма складаецца з сэнсара, які імгненна рэгіструе факт выбуху. У выніку актывізуецца электрамагнітная дуга, якая іанізуе паветра з патрэбнага боку, з дапамогай лазера і мікрахваляў ствараючы плазменнае поле.
Канцэпт-малюнак з патэнта Boeing.
Поле адрозніваецца ад навакольнага асяроддзя тэмпературай, шчыльнасцю і складам, такім чынам утвараецца буфер, які адводзіць і абсарбіруе як мінімум частку ўдарнай хвалі.
Поле ўключаецца толькі ў момант выбуху, такім чынам, гэта не пастаянная абаронная сістэма, якія паказаныя ў фантастычных фільмах, напрыклад, у «Зорных войнах».
Плануецца, што такія «энергетычныя шчыты» можна будзе ўсталёўваць на наземную і паветраную тэхніку, а таксама на будынкі.