БЕЛ Ł РУС

Меркаванне: Машэраў, які будаваў Беларусь у цені Масквы

31.03.2015 / 09:45

Абмяркоўвайце!

Піша аналітык цэнтра Астрагорскага, палітолаг Сяргей Богдан.

Сёння мы адзначаем роўна пяцьдзясят год з моманту прызначэння Пятра Машэрава на пасаду першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, што ў свой час азначала найвышэйшую ўладу ў Савецкай Беларусі. Над роляй Машэрава ў гісторыі краіны я задумаўся перачытваючы даўнейшыя тэксты яго палітычнага антыпода – лідэра БНФ Зянона Пазняка. У іх той нахвальваў дасягненні Беларусі на момант атрымання незалежнасці, не кажучы, каму ж дзякаваць за гэтыя ўжо гатовыя падмуркі мадэрнай дзяржавы.

А падзякаваць варта было б сярод іншых і беларускаму савецкаму дзяржаўнаму дзеячу Пятру Міронавічу Машэраву. Ён кіраваў Савецкай Беларуссю ў час, калі тая перажывала ці не найбольш дынамічны рост ва ўсіх сферах жыцця. Яго дзейнасць і постаць не ўпісваецца ў шаблонныя ўяўленні беларускіх нацыяналістаў апошніх дзесяцігоддзяў пра тое, што лічыць беларускім і ў чым палягае патрыятызм. Але калі адкінуць у бок метафізічныя развагі, а зірнуць на канкрэтыку, дык высвятляецца, што якраз ў браку патрыятызма Пятра Міронавіча абвінаваціць цяжка.

Хто ж збудаваў гэтую краіну?

У студзені 1992 годалідэр БНФ Зянон Пазняк з захапленнем пісаў у «Навінах БНФ» пра выдатную падрыхтаванасць Беларусі да еўрапейскай інтэграцыі: «Наша дзяржава арыентавана на вытворчасць і вываз тавараў і прадуктаў, а не сыравіны. Мы цалкам забяспечваем свае ўнутраныя патрэбы і шмат чаго можам экспартаваць … У нас дастаткова збалансаваная эканоміка, функцыянуе паўнавартасны народнагаспадарчы комплекс на дастаткова высокім арганізацыйным і тэхнічным узроўні, існуе высокі ўзровень кваліфікацыі рабочага класа, вялікая канцэнтрацыя інтэлекта: фундаментальнай і прыкладной навукі». Прыблізна тое самае ён будзе зноў казаць крыху пазней у Бруселі функцыянерам АПАД (НАТА).

Калі кіравацца логікай Пазняка, дык усе гэтыя дасягненні аніяк не заслуга БССР ці СССР. І не Расейскай Імперыі. Бо ўсё выдатнае скончылася ў часы ВКЛ, а ўсё добрае — у часы Рэчы Паспалітай. Пра Машэрава ж Пазняк сваю думку выказваў заўжды гранічна ясна і лаянкава — апошні раз у 2013 годзе назваўшы яго «бадай найбольшым камуністычным русіфікатарам і нішчыцелем беларускай нацыі».

А між тым вельмі вялікая — калі не большая — частка дасягненняў, пра якія гаварыў Пазняк — даробак паваеннага савецкага часу. Анягож даваенныя дасягненні Усходняй Беларусі ў тым што датычыць эканомікі, адукацыі ды культуры былі амаль цалкам зруйнаваныя нацысцкай акупацыяй, а ў Заходняй Беларусі асаблівых дасягненняў у сацыяльна-эканамічным ці культурным развіцці ніколі і не было. Таму тое, што мы мелі на світанку незалежнасці, было збольшага плёнам паваенных намаганняў. Больш за тое — намаганняў, што былі прыкладзеныя да пачатку перабудовы, у «машэраўскія часы».

«Брэжнеўскі застой» ці «Машэраўскі ўздым»?

Незалежная Беларусь на пачатку 1990-х у многім была стварэннем рук Пятра Машэрава, які кіраваў Савецкай Беларуссю ў 1965—1980 гадах, а датуль займаў кіроўныя пасады ў партыйных ды савецкіх арганізацыях і органах БССР. У гэты час беларусы канчаткова сфармаваліся як адзіная нацыя з сучаснай эканомікай, сістэмай адукацыі, культуры і навукі. Вялікая частка нацыянальнага багацця была напрацаваная якраз у той час. Анягож толькі за восьмую пяцігодку (1966—1970) ВУП Беларусі павялічыўся на 58%. У наступныя дзве «машэраўскія» пяцігодкі тэмпы росту знізіліся, але таксама заставаліся значнымі.

Часта можна чуць развагі, што маўляў саюзныя рэспублікі нічога не вырашалі. Але шэраг даследаванняў сведчыць, што справа была не толькі, ці не столькі ў абмежаванасці кампетэнцыі рэспублік, а ў здольнасцях іх кіраўніцтва дамагчыся свайго ў стасунках з саюзным цэнтрам. Пра спецыфічны, але рэальны савецкі федэралізм піша і амерыканскі палітолаг Майкл Урбан у сваёй кніжцы «Беларуская савецкая эліта 1966-1986: алгебра улады». Ды і прыкладам кіраўніцтва некаторых сярэднеазіяцкіх савецкіх рэспублік і персанальна кіраўнік Узбекскай ССР Шараф Рашыдаў на справе давялі – кіраваць той ці іншай саюзнай рэспублікай можна па-рознаму. Нагадаю, таварышы ў Ташкенце выбралі сабе ў стасунках з саюзным цэнтрам варыянт проста ўладарыць над сваёй рэспублікай, якая пад ціскам маскоўскай бюракратыі ўсё больш танула ў беспрасветнасці аграрнай монакультуры бавоўны (вось дзе можна казаць пра каланіялізм!), ды займацца больш асабістымі гешэфтамі – умацоўваючы свае кланы, прысабечваючы мільёны дзяржаўных грошай і паляпшаючы ўласны дабрабыт. Урэшце дайшло да спробы пахаваць Рашыдава ў асабістым маўзалеі пасярод Ташкента. Дык вось пры ўсіх яе заганах і правінцыйнасці, Савецкая Беларусь на гэтым фоне была амаль узорам мерытакратыі і дабрасумленнасці.

Машэраў, як паказваюць вынікі яго працы – беларуская індустрыя і навука пачатку 1990-х, змог без лішняй канфрантацыі абараніць інтарэсы развіцця Беларусі як эканамічна жыццяздольнай рэспублікі ў стасунках з саюзным цэнтрам. Пра яго палітычную вагу сведчыць і той факт, што ён і сам пры канцы 1970-х быў на шляху да таго, каб увайсці ў склад саюзнага кіраўніцтва. Таму адмаўляць яго актыўную ролю ў стварэнні Беларусі такой, якая яна стала, падставаў няма. Але можа яго роля была роляй каланіяльнага адміністратара, што дапамагаў імперскай Маскве эксплуатаваць беларускі народ?

Але і пра «каланіяльнасць» казаць аніяк не выпадае. У Савецкай Беларусі за вельмі кароткі час была створаная разнастайная — як на такую невялікую краіну — прамысловасць. Нават у заходніх раёнах краіны, дзе індустрыялізацыя распачалася толькі пасля вайны, да 1980-х кожны райцэнтр меў тыя ці іншыя сучасныя прамысловыя прадпрыемствы, падкрэслю — не звязаныя з першаснай перапрацоўкай ці здабычай карысных выкапняў, але занятыя вытворчасцю прадуктаў з значнай доляй даданай вартасці. Вядома, многія з іх былі саюзнага падпарадкавання, але і яны былі так ці інакш інтэграваныя ў беларускую гаспадарку і грамадзтва.

Нагадаю, у сапраўдных калоніях прамысловасць калі й існавала, то выключна па здабычы якойсьці руды ці па перапрацоўцы нейкай там сельскагаспадарчай сыравіны. А калі нейкія зачаткі прамысловасці і паўставалі дык толькі ў сталіцы калоніі ці буйным порце. А не ў кожным гарадку як у БССР.

Машэраў дэструкцыйны

Бадай, самыя канкрэтныя закіды да Машэрава — гэта «разбуральнік Палесся» і «русіфікатар». Абодва абвінавачанні грунтуюцца на страшэнным спрашчэнні сітуацыі і ігнараванні фактаў.

Што да мадэрнізацыі Палесся, дык трэба развесці два пытанні — мэтазгоднасці меліярацыі і метадаў яе правядзення. Наконт мэтазгоднасці сумненняў няма, велізарныя балотныя абшары на поўдні краіны не толькі ізалёўвалі Беларусь ад Украіны ды стрымлівалі гаспадарчае засваенне значных тэрыторыяў, але і руйнавалі любыя намаганні па падвышэнні роўню жыцця ды і стану здароўя тамтэйшага насельніцтва. Хто не давярае савецкім дадзеным — можа паглядзець на звесткі польскага перапісу насельніцтва 1931 года, паводле якога ровень непісьменнасці на Палессі аказаўся ці не ўдвая большы чым на Віленшчыне. Або успомніць, што з паўднёвых раёнаў «хіндзя» — як там называлі малярыю — знікла па вайне толькі з асушэннем балот.

Іншая справа, як ажыццяўлялася меліярацыя. Анягож, замест новых урадлівых пашаў краіна выдаткаваўшы велізарныя грошы атрымала на Палессі новыя гектары засушлівых земляў. Але тут Машэраў абапіраўся на даступныя навуковыя распрацоўкі і відавочна, што прынамсі частку віны нясуць навукоўцы, якія схібілі. Але такіх памылак у гісторыі чалавецтва — процьма, і тое ж засольванне глебаў Аўстраліі можа быць параўнальным прыкладам.

Машэраў і мова

Яшчэ больш хісткія абвінавачанні Машэрава ў русіфікацыі. Яны звычайна абгрунтоўваюцца спасылкай на змяншэнне долі друкаваных выданняў на мове і закрыццё беларускамоўных школаў.

Загваздка ў тым, што калі браць абсалютныя лічбы (а не долі!), то за часы Машэрава колькасць друкаванай прадукцыі на роднай мове значна вырасла. Як відаць з ніжэйшай табліцы, адзіным выключэннем стала невялікае зніжэнне накладу кніг пры канцы 1970-х.

Год

Гадавы наклад газет на беларускай мове (млн асобнікаў)

Гадавы наклад часопісаў на беларускай мове (млн асобнікаў)

Агульны наклад кніг і брашур (тысяч асобнікаў)

1960

150

7,1

7 134

1970

243

20,8

9 371

1980

278

30

8 170

Што да закрытых пры Машэраве беларускамоўных школаў, дык не трэба вырываць сітуацыю з кантэксту. Праблема беларускіх школаў — і сёння, і тады — звязаная найперш не з нейкім супрацьдзеяннем уладаў атрыманню адукацыі па-беларуску. Гэта праблема звязаная найперш з адсутнасцю жадання і гатовасці бацькоў даць сваім дзецям адукацыю па-беларуску. Яна ёсць вынікам размытай ідэнтычнасці, якая накладалася і накладаецца на іншую бяду — адсутнасці тых выбітных твораў ці проста якасных культурных прадуктаў, якія вабілі б засвойваць мову, слабой развітасці сучасных жанраў беларускамоўнай культуры. І ў гэтай сувязі трэба падкрэсліць дзеянні Машэрава па падтрымцы развіцця беларускай культуры і мовы і іх так бы мовіць асучаснівання.

Сведчанняў яго кантактаў з тагачаснымі беларускамоўнымі творцамі – поўна. Для яго было натуральным узяць дый паехаць з Уладзімірам Караткевічам выбіраць месца пад музей архітэктуры, узгадваў драматург Алесь Петрашкевіч. Генадзь Бураўкін выразна кажа пра падтрымку Машэравым беларушчыны, згадвае пра яго ролю ва ўсталяванні помнікаў Янку Купалу ды Якубу Коласу ў Мінску.

Асобна варта ўзгадаць удзел Машэрава ў стварэнні ў 1978 годзе замест ІІ агульнасаюзнага канала свайго беларускага тэлебачання, дзе большасць праграмаў была на роднай мове. Гэта выглядае дасягненнем нават сёння. Нездарма яшчэ адзін ідэйны апанент савецкай улады Сяргей Дубавец у 2008 годзе нехаця прызнаваў, у «машэраўскай» Беларусі «ўлічваліся нацыянальныя інтарэсы, тады разумелі, што ўсесаюзная слава Мележа, Караткевіча ці Быкава — ніяк ня меншы актыў Беларусі, чым калійныя ўгнаеньні альбо трактары «Беларусь».

Беларуская нацыя, што паўстала ў агні апошняй вайны

Нехта скажа — але ж верыў Машэраў у савецкую ідэалогію, стварэнне савецкага народа. Верыў, гэта ўжо такая беларуская схільнасць — бачыць сябе не толькі як беларусаў, але і абавязкова як частку яшчэ чагосьці большага. Машэраў верыў, што беларусы будуць часткай іншай мегасупольнасці савецкага народа, гэтаксама як сёння многія беларусы не бачаць іншага выйсця апроч як далучыцца да іншай ідэалістычнай мары — еўрапейскай супольнасці.

Ды і меркаваная абыякавасць Машэрава да далёкай мінуўшчыны не азначае, што ён не адчуваў сябе беларусам. Хутчэй, ён больш зважаў на бліжэйшыя яму і людзям яго пакалення гістарычныя падзеі і сімвалы беларускай гісторыі. Сутыкнуўшыся на сваім вяку з рэальнай пагрозай выжыванню беларусаў на роднай зямлі і пабачыўшы, як ахвярна людзі супраціўляліся гітлераўцам, Машэраў, вядома, найбольш дбаў пра стварэнне мемарыялаў суайчыннікам, што загінулі ўчора, і пра якіх памяталі людзі навокал. Таму і рупіўся пра стварэнне мемарыялу ў Хатыні ды Кургану Славы, мала зважаючы на помнікі больш далёкай мінуўшчыны. Бо адчуваў, беларуская нацыя паўстала ў партызанскай барацьбе апошняй вайны, а не з сярэдневечных паданняў.

* * *

У сухой рэшце мы маем палітыка, спадчына якога дапамагла беларусам даволі гладка перайсці да незалежнага існавання. Разам з тым, ужо першы погляд на постаць Машэрава праз прызму фактаў прымушае задумацца, ці адэкватна мы ўспрымаем савецкі перыяд гісторыі. Той самы «брэжнеўскі застой» у кантэксце БССР выглядае зусім інакш. Высвятляецца, што ніколі беларуская эканоміка не развівалася так шпарка і ніколі не выходзіла столькі выданняў на мове як у той машэраўскі час. І па ўсіх гэтых напрамках абвал пачынаецца з пачаткам перабудовы. Гэтыя акалічнасці сёе-тое тлумачаць у стаўленні беларусаў да далейшых падзеяў і іх палітычны выбар.

Агулам жа, постаць Машэрава ўвасабляе сабой альтэрнатыўны, прагматычны падыход да развіцця Беларусі. Сам ён займаўся практычнай дзейнасцю і не сачыняў трактатаў на гэты конт. Але сваім прыкладам давёў — каб будаваць моцную Беларусь, няма патрэбы з кімсьці варагаваць ці ажыўляць сярэдневечныя міфы. Дастаткова працаваць з тым, што ёсць, зважаць на рэальных людзей навокал і іх жыццёвы досвед — і вынік будзе. На жаль, пасля атрымання незалежнасці вялікая частка палітычнай эліты ў краіне пайшла альтэрнатыўным, больш ідэалістычным, але і бясплённым шляхам — нараканняў на саўковую рэчаіснасць, «хворы народ» і разважанняў пра нікчэмнасць таго, што рабілі людзі ў савецкі час.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула