БЕЛ Ł РУС

Мінфін не бачыць магчымасці для зніжэння стаўкі ПДВ

31.03.2015 / 12:59

Падставы для зніжэння стаўкі падатку на дададзеную вартасць у краіне адсутнічаюць, лічыць намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. 

Нагадаем, стаўка падатку на дададзеную вартасць у Беларусі значна вышэйшая (20%), чым у іншых краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. У Расіі стаўка ПДВ складае 18%, у Казахстане — 12%. Беларускія бізнес-саюзы для стварэння роўных умоў гаспадарання ў еўразійскім саюзе прапаноўвалі знізіць стаўку ПДВ у краіне. 

«Сапраўды, стаўка падатку ў Расіі і Казахстане прыкметна меншая. Але розніца абумоўленая аб'ектыўнымі прычынамі — наяўнасцю ў нашых партнёраў нафтагазавых даходаў», — гаворыцца ў публікацыі намесніка міністра фінансаў Дзмітрыя Кійко, размешчанай у апошнім нумары часопіса «Финансы, учет, аудит», які выдае Мінфін.

Намеснік міністра звярнуў увагу, што ў Расіі на нафтагазавыя даходы прыпадае прыблізна 10,5% ВУП, у Казахстане — 12,3% ВУП. 

«У Беларусі паказчыкі аб'ектыўна ніжэйшыя. У нас на нафтагазавыя даходы ў 2014 годзе прыпала 1,3% ВУП. У 2015 годзе чаканні павялічаныя да 4,3% ВУП, але прагноз будуецца ўжо з улікам залічэння вывазных пошлін на нафтапрадукты ў наш бюджэт», — адзначае Кійко.

Ён звярнуў увагу, што для Беларусі ПДВ з'яўляецца «асноўнай крыніцай папаўнення казны», на долю якой прыпадае больш за 37% усіх даходаў бюджэту, а ў Расіі за кошт ПДВ фарміруецца прыблізна 20% даходаў, у Казахстане — прыкладна 14%.

«З улікам эканамічнай сітуацыі, сярод іншага абумоўленай знешнімі фактарамі, рэзервы па зніжэнні ставак асноўных падаткаў (у тым ліку ПДВ) сёння адсутнічаюць», — падкрэсліў Кійко.

У студзені—лютым 2015 года, паводле інфармацыі БелаПАН, ад падатку на дададзеную вартасць у рэспубліканскі бюджэт паступіла 9,4 трлн. рублёў, на ПДВ прыпала амаль 39% сукупных даходаў бюджэту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула