БЕЛ Ł РУС

Някляеў хоча стварыць рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»

15.05.2015 / 11:43

Nashaniva.com

Уладзімір Някляеў, які ў красавіку сышоў з пасады старшыні кампаніі «Гавары праўду», распавёў пра сваю новую грамадзкую ініцыятыву ў інтэрв'ю радыё «Свабода»:

«Рух называецца «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» — так, я займаюся гэтым амаль штодзённа. Мушу сказаць, што ўсё ідзе так, як я і чакаў: ёсьць запалоханае і пасіўнае грамадзтва. Можа быць, маюць рацыю тыя, хто мне даводзіць, што час гэты — не для стварэньня нейкіх масавых народных рухаў. Як бывае час для стварэння новай рэлігіі, так і час, калі яе стварыць немагчыма. Але я перакананы, што чакаць нейкага спрыяльнага часу не даводзіцца. Усё-ткі мы маем відавочную пагрозу нашай дзяржаўнай незалежнасці. (…) Я глыбока перакананы, што захаваць і ўратаваць Беларусь можа толькі беларускі народ.

Але сёння народ проста не разумее, што цяпер адбываецца: як яго падманваюць, як ім маніпулююць — ну проста не разумее. Усе зазамбаваныя гэтай афіцыйнай беларускай і расійскай прапагандай і насамрэч вераць, што Пуцін паклапоціцца пра Беларусь, каб толькі не сталася так, як сталася ва Украіне. Таму трэба людзям тлумачыць, што ўсё сур’ёзна, што без іх удзелу ў будучыні Беларусі гэтай будучыні можа проста не стацца. Вось дзеля гэтага я і пачаў гэтым займацца.

Тое, што заяўляе Лукашэнка, што ў яго нейкія ёсць сілы дзеля таго, каб справіцца з любым ворагам, «які замахнецца хоць на кавалак беларускай зямлі», гэта ўсё — пусты вецер. Таму што няма такіх сілаў, бо не створаныя нацыянальныя сілы, якія б адстойвалі Беларусь. Спецслужбы ягоныя наскрозь прарасейскія. Я там быў і меў магчымасць пазнаёміцца з найвышэйшым камандаваннем гэтых службаў і сярэднім. І ўсе яны, амаль што, — так званы «рускі свет». І ў войску беларускім, па сутнасці, адныя расейскія генералы і, хутчэй за ўсё, яны выканаюць загад Пуціна, пра што яны і кажуць, калі арыштоўваюць нашых актывістаў. Маўляў, што сюды прыйдзе Пуцін, сюды прыйдзе «рускі свет», і мы вам тады, нацыяналістам, пакажам».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула