Новы шэдэўр расійскай прапаганды: «Карнікі павесілі апалчэнца разам з цяжарнай жонкай» ВІДЭА
асцярожна, шакавальная пастаноўка!
Відаць, пасля правалу «укрыжаваных» хлопчыкаў, якіх ніхто не бачыў, расійская прапаганда выпрацавала новую схему доказу «зверстваў» хунты.
Так, учоры НТВ са спасылкай на «генпракуратуру ЛНР» паведаміла, што ў непрызнанай рэспубліцы выяўлена група, адказная за «забойства» апалчэнца і яго цяжарнай жонкі.
Само відэа выкладзена з ютуб-акаунта прапагандысцкага інфарм-агенцтва «news-front» і на ім бачна, як некалькі чалавек у камуфляжы з жоўтым скотчам на рукавах «вешаюць» двух чалавек пасярод хвойнага лесу.
Пры гэтым на запісу адсутнічае гук, а сама пастаноўка знятая так няўдала, што на 32 і 36 секундзе з-за спіны «цяжарнай жонкі» выглядвае вяроўка, якой яна абвязаная ў раёне поясу, а «кат» увесь час разварочвае целы так, каб гэтая вяроўка не трапіла ў кадр (абвязванне вяроўкай у раёне поясу і фіктыўная вяроўка на шыі — вядомы кіношны фокус для здымкі сцэнаў з павешаннем).
Таксама варта адзначыць, што на прэс-канферэнцыі, прысвечанай «казні», «намеснік галоўнага пракурора ЛНР» не даў рады адказаць на пытанне пра марку тэлефона, які здымае з такой якасцю і нібыта быў «пры забітым карніку».