Беларусь плануе стварыць аўтсорсінгавую кампанію ААТ «БелАЗ» у Інданезіі
Беларусь плануе стварыць аўтсорсінгавую кампанію ААТ «БелАЗ» у Інданезіі, паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 25 мая у Мінску на сустрэчы са спікерам Рады рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Рэспублікі Інданезія Ірманам Гусманам, паведамляе прэс-служба ўрада.
«Мы бачым перспектыву стварэння аўтсорсінгавай кампаніі ААТ «БелАЗ» і сумесны ўдзел у здабычы карысных выкапняў у Інданезіі. Вядуцца перамовы аб пастаўках пасажырскай і грузавой тэхнікі ААТ «МАЗ», — сказаў Кабякоў.
«Сумесныя прадпрыемствы, праекты дазволяць разам выкарыстаць перавагі кожнага з бакоў і атрымаць больш прыбытку», — мяркуе прэм'ер-міністр.
Кабякоў зазначыў, што Беларусь разглядае Інданезію як перспектыўнага партнёра ў Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку ў гандлёва-эканамічным плане. Тавараабарот дзвюх краін з 1,8 млн. долараў у 1995 годзе вырас да 215 млн. у 2014-м. «Але гэта значна ніжэй за патэнцыял Інданезіі і Беларусі», — мяркуе Кабякоў. Ён прапанаваў «ад гандлю пераходзіць да паглыбленага інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва».
Канкрэтныя праекты з партнёрамі рэалізуюцца ў Інданезіі. Для іх развіцця, на думку прэм'ер-міністра, важная падтрымка кіраўніцтва гэтай краіны.