Расія мае намер пабудаваць уласныя «Містралі»
Расія будзе будаваць свае ўласныя верталётаносцы па падобнай з «Містралямі» канструкцыі, пры гэтым не паўтараючы французскія судны цалкам, сцвярджаюць прадстаўнікі расійскага ваенна-прамысловага комплексу.
«У нас такія караблі запланаваныя, яны ў нас знаходзяцца ў праекце, але мы іх будуем крыху паводле іншага падыходу. У нас крыху іншая ідэалогія працы марскога дэсанту. І вось так у лоб, проста капіяваць «Містраль» мы не будзем», — заявіў журналістам намеснік старшыні калегіі ваенна-прамысловага комплексу Алег Бачкароў.
Паводле яго слоў, Расія і Францыя на перамовах па верталётаносцах тыпу «Містраль» сёння абмяркоўваюць толькі адно пытанне — суму кампенсацыі, якую павінна атрымаць Расія.
Намеснік сакратара Савета Бяспекі Расіі Яўген Лук'янаў ў аўторак выказаў упэўненасць, што адмова Парыжа ад пастаўкі «Містраляў» не паўплывае на расійскую абараназдольнасць.
Паводле паведамленняў СМІ, Францыя адмовілася ад паставак «Містраляў» Расіі і рыхтуецца ўрэгуляваць пытанне аб кампенсацыі.