У Менску адчынілі першы салён па продажы патрыманых аўтамабіляў
Акцэнт робіцца на рэалізацыю недарагіх аўтамабіляў коштам 5—10 тыс. даляраў.
Як паведаміў на прэс‑канферэнцыі дырэктар кампаніі «Аўтабай» Яўген Лахманаў, мінскі салон стаў першым у сетцы аўтамабільных салонаў Беларусі, які аб’яднаны пад брэндам «4 колы» і закліканы сфарміраваць у краіне прафесійны падыход да працы з патрыманымі аўтамабілямі.
Галоўнай перавагай аўтасалона яго кіраўнікі называюць цывілізаваны падыход да рэалізацыі аўтамабіляў з прабегам. Перад продажам кожны патрыманы аўтамабіль праходзіць поўную дыягностыку і падрыхтоўку. Таксама ў салоне гарантуюць, што аўтамабіль не ўкрадзены і не адноўлены.
Як зазначыў дырэктар салона «4 колы» Аляксандр Рабушка, у Беларусі сфарміравалася ўстойлівая традыцыя купляць усё на рынку — ад прадуктаў да аўтамабіляў. «Канешне, гэта ў многім было апраўдана ва ўмовах пераходнага перыяду. Аднак цяпер, калі паляпшаецца жыццёвы ўзровень і расце дабрабыт, пачынае фарміравацца новая культура спажывання, заснаваная на больш высокім узроўні паслуг і сэрвісу. Задача нашага салона перадусім у тым, каб закласці аснову новай, больш дасканалай культуры аўтааматарства, падняць яе на еўрапейскі ўзровень», — падкрэсліў А.Рабушка.
Паводле слоў дырэктара аўтасалона, кампанія сфарміравала сваю праграмму лаяльнасці, якая ўключае шэраг ільготаў для пакупнікоў. У прыватнасці, партнёры аўтасалона будуць даваць кліентам скідкі на тэхабслугоўванне аўтамабіляў, аказваць дапамогу ў дарозе. Аўтасалон прапануе гарантыі на рэалізаваныя машыны на працягу трох месяцаў незалежна ад прабегу. Апрача таго, ён прапануе спецыяльную крэдытную праграму, па якой можна плаціць працэнты толькі за карыстанне аўтамабілем, асноўны ж доўг — выплаціць праз тры гады, прадаўшы аўтамабіль, або перааформіць крэдыт яшчэ на пяць гадоў.
Цяпер у аўтасалоне прадстаўлена каля 100 патрыманых аўтамабіляў. Акцэнт робіцца на рэалізацыю недарагіх аўтамабіляў коштам 5—10 тыс. долараў. У той жа час будуць прадавацца і аўтамабілі прэміум‑сегмента, у асноўным у крэдыт або па сістэме trade‑in (абмен свайго аўтамабіля на новы). Аўтасалон прапануе пакупнікам найбольш папулярныя на рынку мадэлі, а таксама будзе пастаўляць машыны для кліентаў пад заказ.