Новым паслом Польшчы ў Беларусі можа стаць Януш Скалімоўскі
Новым паслом Рэспублікі Польшча ў Беларусі можа стаць Януш Скалімоўскі. Яго кандыдатуру падтрымала 9 верасня камісія па замежных справах польскага сейма.
Місія папярэдняга пасла Польшчы Лешака Шарэпкі завяршылася ў сярэдзіне жніўня гэтага года. Да прыбыцця новага пасла функцыі кіраўніка польскага дыппрадстаўніцтва выконвае часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас.
Кандыдатуру Скалімоўскага на пасаду пасла Польшчы ў Беларусі ў красавіку гэтага года прапанаваў папярэдні прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, яна была ўзгодненая з беларускім бокам. Паводле даных польскага журналіста Цэзары Гмыза, 9 верасня на пасяджэнні камісіі па замежных справах сейма за Скалімоўскага прагаласавалі дзевяць членаў камісіі, супраць — тры. Канчаткова зацвердзіць яго на пасадзе пасла ў Беларусі павінен новы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
У 1989 годзе Скалімоўскі быў тайным агентам польскіх спецслужбаў, адзначаюць мясцовыя СМІ. Аднак паводле польскага закона аб люстрацыі былыя супрацоўнікі спецслужбаў камуністычнай Польшчы не нясуць адказнасці за сваю дзейнасць, калі яны самі ў гэтым прызнаюцца.