БЕЛ Ł РУС

Расіяне ў трансе ад беларускага Глыбокага ФОТЫ

16.09.2015 / 1:27

Расійскі блогер aquatek-filips пабываў у Глыбокім (Віцебская вобласць). Свае ўражанні ён апублікаваў пад загалоўкам «Як выглядае горад, у якім мэр не злодзей».

Як вы думаеце, дзе зроблена гэта фота і што за будынак на ім? Скажаце, які-небудзь пансіён або рэзідэнцыя дзесьці ў Еўропе? Нічога падобнага. Гэта звычайная школа ў звычайным райцэнтры з 18 тысячамі жыхароў. У Беларусі. У краіне, якую многія называюць беднай і дыктатарскай. Прычым Глыбокае, пра якое ідзе гаворка, — гэта нават не прыгарад Мінска, гэта глыбокая правінцыя: адсюль да сталіцы 160 кіламетраў ўспомніце, як выглядаюць райцэнтры ў 200 км ад Масквы, напрыклад Таржок.

І акуратная школа з лужком і набярэжнай — не адзінае, што кідаецца ў вочы ў гэтым мястэчку.

Ідэальная чысціня, парадак, ніякіх закінутых і недабудаваных аб'ектаў, усюды ўсё пафарбавана, газоны дагледжаныя, на вуліцах разметка, ніякіх смеццевых бакаў і брудных пад'ездаў, паўсюль мора кветак і… дзяцей.

Пагуляўшы па Глыбокім, я для сябе зрабіў зусім пэўную выснову — гэта самы круты правінцыйны гарадок, які я бачыў на прасторах былога СССР.

Глыбокае — раённы цэнтр у Віцебскай вобласці, у якім жыве крыху менш за 20 тысяч чалавек.

Горад месціцца на Старой Смаленскай дарозе паміж Вільняй і Полацкам і вядзе сваю гісторыю з 1414 года.

Калісьці даўно належаў двум багатым сем'ям — Корсакам і Зяновічам, якія дзялілі горад прыкладна напалову. На тэрыторыі горада налічваецца 5 азёр, адно з якіх, Глыбокае, і дало назву гораду.

Традыцыйная гарадская забудова для гэтага рэгіёну — адна- і двухпавярховыя жылыя дамы. Старыя — драўляныя, сучасныя — з цэглы. У Глыбокім шмат драўляных дамоў, якім 50 і больш гадоў, але закінутых і тых, што развальваюцца, вы практычна не ўбачыце.

Некаторыя вуліцы, асабліва на ўездзе з боку Полацка, забудаваны старымі драўлянымі дамамі.

Шыльдачка з СССР.

Але самае дзіўнае на гэтых старых вулачках — самі вулачкі. Дарога без ямы або нават латак, пешаходная частка пакрыта тратуарнай пліткай, у многіх месцах высаджаныя кветкі, на прыпынку грамадскага транспарту графік руху аўтобусаў.

Шмат будынкаў, вядома, родам з СССР і выглядаюць цалкам архаічна. Вось толькі яны не выглядаюць, як гэта звычайна бывае ў Расіі ці ва Украіне абшарпанымі, палылымі і нікому не патрэбнымі. Яны акуратныя, пафарбаваныя, вакол кветкі і падстрыжаныя газоны.

Раённая стаматалагічная паліклініка.

Аддзяленне банка.

Райгаз.

Дом культуры.

Гэта попельніца каля дома культуры.

Каваныя скульптуры там жа, каля дома культуры.

Гарадскі ўнівермаг. Я памятаю гэты будынак 12 гадоў таму. Тады гэта была панылая савецкая шэрая бетонная «каробка».

У пункце, які лічыцца цэнтрам горада, можна знайсці паказальнік адлегласцяў і накірункаў. Да Мінска — 162, да Масквы — 751.

Падобныя паказальнікі можна знайсці і на сценах некаторых дамоў.

Штокрок відаць, што горадам займаюцца.

Калісьці на гэтым месцы была пустка. Цяпер разбілі сквер, уладкавалі плошчу, паркоўку, набярэжную ўздоўж возера з альтанкамі і рамантычнымі месцамі. На краі паркоўкі ёсць нават невялікі трактарны музей пад адкрытым небам.

Скульптурная кампазіцыя «Рыбак-рамантык» на месцы былой пусткі.

Побач з ім нават прыгрэўся кот.

Месца для рамантычных сустрэч на набярэжнай. Днём яго упадабалі рыбакі з катамі, увечары — маладыя парачкі.

Альтанка на беразе возера. Тут таксама была пустка.

У некалькіх месцах горад уладкаваў вялікія дзіцячыя пляцоўкі.

На ўскраіне горада кварталы новага жылля. У райцэнтры з насельніцтвам у 20 тысяч!! Людзі не едуць адсюль масава ў сталіцу. Тут ёсць праца, у поўную сілу працуюць мясакамбінат, малаказавод, на якім робяць лепшую ў свеце згушчонку.

У Глыбокім два вядомыя храмы — адзін кафедральны ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.

Насупраць яго — касцёл Святой Тройцы.

На плошчы паміж касцёлам і царквой — квітнеючы сквер з помнікам кнізе…

… і алеяй выбітных ураджэнцаў Глыбокага. Адзін з іх вядомы на ўвесь свет — гэта авіяканструктар Павел Сухой.

У гонар яго на ўездзе ў горад з боку Мінска ўстаноўлены адзін з баявых самалётаў КБ Сухога.

А яшчэ Глыбокае называюць сталіцай вішань). Не ведаю чаму, але тут заўсёды было шмат вішнёвых дрэў у прыватных домаўладаннях. Яшчэ з дзяцінства памятаю, як летам на рынку ўсе гандлявалі вішнямі вёдрамі. Не так даўно ў цэнтры нават усталявалі помнік вішням.

Згадкі пра вішні можна ўбачыць і ў іншых месцах.

Як і паўсюль, сустракаюцца ў Глыбокім і пацешныя рэчы. Напрыклад, гэты гібрыдны грыб)

Або кінаафішы быццам у СССР — намаляваныя ўручную фарбай на шчытах. Цэны на квіткі не проста дэмакратычныя… Яны дзіўна нізкія. «Горад герояў» каля 40 расійскіх рублёў, а «Свет юрскага перыяду» і наогул крыху больш за 20 рублёў.

Не дзіўна, што ў такім чыстым і дагледжаным горадзе і дзеці выглядаюць шчаслівымі і радаснымі.

Цяпер, акурат, пра мэра.

На кожным кроку відаць, што ўлады займаюцца горадам, сочаць за яго чысцінёй і развіваюць. Натуральна, падобную карціну ў тэорыі мы маглі б назіраць у любым горадзе нашай неабсяжнай краіны, у любым раённым цэнтры ці вёсцы. Але не назіраем.

Чаму? Пытанне рытарычнае і адказ на яго кожны можа знайсці для сябе сам.

Я пацікавіўся ў мясцовых жыхароў, дзе жыве мясцовы мэр і на чым ён ездзіць.

Адказы былі наступнымі. У мэра няма ніякага асабняка з трохметровым плотам і іншымі абавязковымі атрыбутамі сучасных топ-чыноўнікаў. Жыве Алег Морхат ў прыватным доме на дзве сям'і, як жыве тут мноства іншых жыхароў Глубокага. Машыны мае дзве — УАЗ Патрыёт, на якім мэр выязджае ў палі, і Mitsubishi Outlander. Кажуць, раней ездзіў таксама на службовай Toyota Camry, але апошнім часам яе не відаць.

Магчыма, з адказам на пытанне «чаму горад чысты і дагледжаны» ўсё вельмі проста? Магчыма, рэч усяго толькі ў тым, што ўлада займаецца сваімі прамымі абавязкамі, а не набіваннем кішэняў? Асабіста мне здаецца, што ўсё менавіта так і ёсць у Глыбокім…

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула