БЕЛ Ł РУС

Гаражны майстар з Брэста атрымаў узнагароду ад кампаніі Google

5.10.2015 / 9:49

Срэбраную кнопку ўручаюць толькі папулярным відэаблогерам, у якіх не менш за сто тысяч падпісчыкаў у інтэрнэце. Аматарскія ролікі дзядзькі Алежа ўбачылі мільёны людзей па ўсім свеце.

Пра сваю радасць ён перш за ўсё распавядае ў інтэрнэце. Мільёнам людзей гэты мужчына вядомы як відэаблогер дзядзька Алежа. Яшчэ тры гады таму ён быў звычайным кузаўшчыком і нават не ведаў, што такое пошукавік. А сёння ўжо назбіраў больш за сто тысяч падпісчыкаў у сетцы.

Алег Несцераў, відэаблогер: «Тут канал напісаны, што ў нас сто тысяч падпісчыкаў. І, я так зразумеў, віншаванне, але яно на англійскай мове. І я нічога не зразумеў. Але, думаю, што дрэннага яны нічога не напісалі! Вось, ад Google такая штучка».

Папулярныя ролікі майстар-самавук здымае на аматарскую камеру ў гаражы на ўскраіне Брэста. Яго відэаўрокі аб тым, як грунтаваць, фарбаваць і паліраваць машыны, сёння глядзяць на некалькіх кантынентах.

Але гэта не першая срэбная кнопка, якая сышла ў Беларусь. Папулярнасці гомельскага падлетка Дзімы Ермузевіча маглі б пазайздросціць многія топ-блогеры. Відэакліпы школьніка паглядзелі амаль дзесяць мільёнаў чалавек. У сваіх роліках ён распавядае пра ежу, фільмы і дае дасціпныя парады, як зрабіць ўрокі.

Каб стаць папулярным — проста выкласці відэа ў інтэрнэт сёння недастаткова. Нават у простага слесара павінна быць харызма. Як лічаць сябры Алега, сакрэт яго папулярнасці — у пачуцці гумару.

Сяргей Кіслякоў, памочнік Алега Несцерава: «Ёсць і яшчэ каналы — менш паспяховыя. Яны нашмат раней з'явіліся, чым Алег стаў здымаць. Але чамусьці дамагчыся поспеху ў гэтай справе ўдалося менавіта яму. Прычым адрыў — капітальны».

Сёння відэаканал у інтэрнэце прыносіць Алегу асноўны даход. Праўда, па словах самога блогера, праца не з лёгкіх: ёй даводзіцца займацца шэсць дзён у тыдзень па 10—14 гадзін.

Алег Несцераў, відэаблогер: «На вуліцы сталі больш пазнаваць. Куды б ні паехаў: Расія, Казань, Масква ці Мінск — у кожным горадзе пазнаюць, гэта вельмі прыемна».

Цяпер Алег вырашыў кінуць выклік сам сабе і зняць цэлы серыял. Пра тое, як ператварыць старую ламачыну ў сапраўдны спарткар. І спадзяецца, што гэты праект прынясе яму яшчэ больш прыхільнікаў і залатую кнопку Youtube.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула