БЕЛ Ł РУС

ЗША з 11 краінамі дасягнулі найбуйнейшага за 20 гадоў гандлёвага пагаднення

5.10.2015 / 20:58

ЗША дасягнулі пагаднення па дамове аб Трансціхаакіянскім партнёрстве (Trans-Pacific Partnership), паведамляецца на сайце гандлёвага прадстаўніцтва ЗША.

Гэта найбуйнейшае за 20 гадоў гандлёвае пагадненне, адзначае Bloomberg. Дамова прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. ЗША падпішуць дакумент з 11 краінамі: гэта Японія, Новая Зеландыя, В'етнам, Канада, Аўстралія, Малайзія, Перу, Бруней, Сінгапур, Чылі і Мексіка.

Зона свабоднага гандлю, прадугледжаная дамовай, ахопіць 40% сусветнага гандлю, піша Bloomberg. Агенцтва адзначае, што гэта пагадненне было адной з галоўных мэтаў прэзідэнта ЗША Барака Абамы ў эканоміцы і знешняй палітыцы. Дамова і стварэнне зоны свабоднага гандлю разглядаецца як магчымасць супрацьстаяць Кітаю.

Пагадненне агаворвае пытанні інвестыцый і фінансаў, супрацоўніцтва ў мытным рэгуляванні, правоў на інтэлектуальную ўласнасць і іншых сфер.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама, каментуючы пагадненне, заявіў, што яно дазволіць амерыканскім рабочым і бізнесменам дасягнуць поспеху, якога яны заслугоўваюць, перадае Reuters. Пагадненне павінна таксама прайсці працэдуру ўзгаднення ў Кангрэсе ЗША, дадае агенцтва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула