БЕЛ Ł РУС

Пасля аб'яўлення байкоту жыхарам дома па вул. Каліноўскага ў Мінску паабяцалі капрамонт

6.10.2015 / 10:32

Жыхарам дома па вуліцы Каліноўскага, 78, у Мінску, якія аб'явілі байкот выбарам, паабяцалі капітальны рамонт будынка, але без мадэрнізацыі фасаду, што яны таксама патрабавалі. 

Як паведамілі ініцыятыўнай групе жыльцоў дома, пра гэта ім было паведамлена 1 кастрычніка на сходзе з удзелам кіраўніцтва адміністрацыі і ЖКГ Першамайскага раёна. 

Нагадаем, раней жыхары згаданага дома накіравалі калектыўную скаргу на імя Аляксандра Лукашэнкі, дзе заявілі, што адмаўляюцца галасаваць на выбарах прэзідэнта, якія маюць адбыцца, і ўсіх іншых выбарах з-за таго, што ўлады не праводзяць капітальны рамонт іх дома, пабудаванага 46 гадоў таму. «У знак пратэсту супраць шматгадовага падману з боку ўладаў мы адмаўляемся ад удзелу ў дзяржаўных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Мы маем намер байкатаваць усе выбары ў органы дзяржаўнай улады, якія праводзяцца ў рэспубліцы… На 11 кастрычніка прызначаны выбары прэзідэнта. Большасць з нас хацелі б узяць удзел у галасаванні. Тым больш што многія з нас падтрымліваюць кандыдатуру дзейнага прэзідэнта. На жаль, браць удзел у гэтым галасаванні мы не можам. Мы не хочам, галасуючы за вас, спадар прэзідэнт, фактычна падтрымліваць тыя ўлады, тых чыноўнікаў, якія нас падманвалі і падманваюць», — гаварылася ў скарзе. 

Пасля публікацыі гэтай інфармацыі кампаніяй БелаПАН жыхары атрымалі ад прадстаўнікоў ЖКГ запрашэнне на сход у сувязі з правядзеннем капітальнага рамонту будынка. На агульным сходзе былі абраныя сем упаўнаважаных прадстаўнікоў і старшыня камісіі. 

Разам з тым у адказе камунальных службаў жыльцоў не ўсё задавальняе. Пра гэта яны напісалі ў заяве кіраўніку адміністрацыі і дырэктару ЖКГ Першамайскага раёна. «Устаноўлена, што наяўная праектна-каштарысная дакументацыя на выкананне работ (зыходзячы з выдзеленых аб'ёмаў фінансавання) не прадугледжвае цеплавую мадэрнізацыю дома, якая патрабуецца. Вызначана, што капітальны рамонт без цеплавой мадэрнізацыі (уцяпленне фасаду) дома немэтазгодны і рабіцца не можа», — гаворыцца ў лісце. 

Жыхары просяць максімальна паскорыць правядзенне абследавання дома, атрыманне тэхнічнага заключэння аб наяўных дэфектах агароджваючых канструкцый і іх прамярзання, распрацоўку ўсёй неабходнай дакументацыі і выдзялення дадатковага фінансавання на капітальны рамонт з улікам цеплавой мадэрнізацыі будынка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула