БЕЛ Ł РУС

У Ірландыі паліцыя расследуе забойства беларуса — аднаго з самых высокіх жыхароў краіны

6.10.2015 / 11:50

24-гадовы Дзмітрый Грынкевіч памёр у пятніцу ўвечары ў бальніцы горада Тралі ад траўмаў, атрыманых пры нападзе невядомых двума днямі раней, паведамляе мясцовы сайт TraleeToday.

СМІ паведамляюць, што Дзмітрыя знайшлі на лужку перад домам у мясцовасці Кілен Вуд горада Тралі пасля 22.30 у сераду, 30 верасня. З сур'ёзнымі траўмамі галавы ён быў тэрмінова дастаўлены ў бальніцу, дзе, нягледзячы на намаганні дактароў, памёр у пятніцу, не прыходзячы ў прытомнасць. Побач з Дзмітрыем у гэты момант прысутнічалі члены яго сям'і.

Паліцыя пачала расследаванне інцыдэнту, але ў інтарэсах следства адмовілася апублікаваць вынікі ўскрыцця. Мяркуецца, што ў той дзень Дзмітрый адправіўся ў Кілен Вуд на вечарынку. У сераду ўвечары паліцыя затрымала там двух ураджэнцаў Усходняй Еўропы, але пазней яны былі адпушчаныя без прад'яўлення абвінавачванняў.

Паліцыя апытвае мясцовых жыхароў і шукае магчымых сведак.

Дзмітрый Грынкевіч быў мясцовай знакамітасцю і трэцім самым высокім чалавекам у Ірландыі — яго рост 2 метры 32 сантыметры.

Яго знаёмыя апісваюць беларуса як «сарамлівага маладога чалавека, які саромеўся свайго росту, любіў музыку і спорт». СМІ таксама паведамляюць пра тое, што пасля заканчэння школы Грынкевіч некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці за розныя дробныя парушэнні.

Адным з матываў нападу, якія разглядае мясцовая паліцыя, магло быць паходжанне маладога чалавека. Дзмітрый пераехаў у Ірландыю падлеткам разам з сям'ёй з Мінска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула