За Нобелеўскую прэмію Святлана Алексіевіч заплаціць 13% падатку
Першая ў гісторыі беларуска Святлана Алексіевіч разам з Нобелеўскай прэміяй атрымае прызавыя — 8 мільёнаў шведскіх крон, ці 953 тысячы долараў.
Але ці давядзецца лаўрэатцы плаціць падаходны падатак за грошы?
Гэтае пытанне Еўрарадыё задае Міністэрству па падатках і зборах. На гарачай лініі адказваюць, што падатак заплаціць давядзецца, калі чалавек болей за 183 дні жыве ў Беларусі.
«Калі б вы атрымалі прэмію ад Беларусі, тады мелі б ільготы. Калі да прыкладу, маеце званне «Народны артыст», штомесячна нейкія выплаты ёсць, і яны не абкладаюцца падаткам. А Нобелеўская прэмія — гэта даход з−за мяжы і абкладаецца падаткам 13%», − кажуць на гарачай лініі Міністэрства па падатках і зборах.
Атрымліваецца, з прэміі Святлана Алексіевіч вінна будзе заплаціць дзяржаве 123 890 долараў.
Сама пісьменніца сказала, што прэмію збіраецца выдаткаваць на напісанне новых кніг.