Крэмль пракаментаваў прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч
Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры 2015 Святлана Алексіевіч не мае звестак, каб даць пазітыўную ацэнку таго, што адбываецца ва Украіне.
Такое меркаванне выказаў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на просьбу пракаментаваць заяву пісьменніцы аб тым, што канфлікт ва Украіне з'яўляецца акупацыяй.
«Напэўна, усе яе віншуюць з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі. Але, відаць, Святлана проста не валодае ўсёй інфармацыяй, каб даць пазітыўную ацэнку таго, што адбываецца ва Украіне», — сказаў ён.
Пяскоў таксама выказаў сумнеў, «што прэзідэнт у курсе гэтай заявы», паведамляе ТАСС.
Сёння падчас прэс-канферэнцыі ў «Нашай Нівы» Святлана Алексіевіч чарговы раз назвала анексію Крыма акупацыяй. Расійская ўлада, паводле яе меркавання, справакавала 86% сваіх грамадзян на тое, што яны смяюцца з падзей на Данбасе. Постсавецкую прастору пісьменніца назвала «краінай салдат, вядомых і падпольных салдат». Пацвярджэнне таму — ваенная аперацыя Расіі ў Сірыі.