«Таёта» адклікае 6,5 млн аўтамабіляў з-за праблем са шклопад'ёмнікамі
Японскі аўтаканцэрн «Таёта» адклікае 6,5 мільёна аўтамабіляў па ўсім свеце з-за праблем са шклопад'ёмнікамі, паведамляе прэс-служба кампаніі.
Адкліканню падлягаюць, у прыватнасці, мадэлі Yaris / Vitz, Corolla, Matrix і Camry, зробленыя са студзеня 2005 года па снежань 2010 года.
Паводле інфармацыі канцэрна, каля 2,7 млн аўтамабіляў з дэфектамі будзе адклікана ў Паўночнай Амерыцы, яшчэ 1,2 мільёнаў — у Еўропе і 600 тысяч — у Японіі.
Як тлумачыць кампанія, у некаторых мадэлях быў выяўлены брак у аўтаматычным ўздыме шкла, які можа прывесці да кароткага замыкання і ўзгарання. Ніводнага інцыдэнту з-за гэтых дэфектаў пакуль зафіксавана не было.
Раней у гэтым годзе «Таёта» адклікала каля 10 мільёнаў машын з-за дэфектаў у падушках бяспекі, з-за якіх загінулі некалькі чалавек.