Новая зброя Расіі: крылатыя ракеты робяць Еўропу безабароннай?
Нядаўна Расія двойчы шакавала свет. Спачатку яна адправіла авіяцыю ў Сірыю, а потым атакавала пазіцыі баевікоў Ісламскай дзяржавы крылатымі ракетамі з Каспійскага мора, якое за 1500 кіламетраў ад тое Сірыі!
Відэа ракетнага ўдару, апублікаванае Міністэрствам абароны Расіі.
Бамбардзіроўка крылатымі ракетамі мела паказаць усяму свету, што расійскае войска можа канкураваць з амерыканцамі.
Што з сябе ўяўляюць крылатыя ракеты? Гэта моцная зброя, здатная ляцець некалькі тысяч кіламетраў і трапляць дакладна ў цэль праз сістэму навядзення. Збіць крылатую ракету сёння амаль немагчыма: яна ляціць нізка над зямлёю, агінаючы ўсе перашкоды на мясцовасці, таму радыёлакацыйныя сістэмы тут бездапаможныя. Гіпатэтычна такія ракеты можна збіць, калі іх будзе некалькі. Аднак калі іх будзе некалькі дзясяткаў ці сотняў, то не.
Прыкладны маршрут, якім ляцелі ракеты.
Раней амерыканцы са сваімі «Тамагаўкамі» лічыліся найлепшымі ў галіне крылатых ракет, расійскія ж ракеты лічыліся адсталымі праз слабую электроніку і неадладжаную сістэму навігацыі. Але 7 кастрычніка, пасля пуску 26 расійскіх найноўшых ракет ЗМ14 «Калібр» па Сірыі, Расія паказала, што таксама валодае гэтай магутнай зброяй.
Беларускі эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што «Тамагаўкі», узятыя на ўзбраенне ў 80-х гадах, ужо нельга называць найлепшымі ракетамі, бо ЗМ14 мацнейшыя.
«Свет і раней ведаў, што ў Расіі ёсць новыя крылатыя ракеты. Але гэта было як козыр, у які не вельмі верылася. Але рускія запусцілі свой аналаг GPS — Глонасс, і паказалі, што ракеты могуць паспяхова праз гэтую сістэму лятаць і знішчаць цэлі. Фактычна гэта азначае, што ўся Еўропа ў радыусе 2500 кіламетраў ад месцаў іх базавання не можа адчуваць сябе абароненай на ўсе 100 адсоткаў», — сказаў «Нашай Ніве» Алесін.
Так выглядае 3М14. Ёсць некалькі відаў гэтых ракет, адаптаваных пад запуск з розных тыпаў тэхнікі - наземнай, падводнай і г.д.
Алесін думае, што сістэма СПА НАТА перадусім мае на мэце перахоп стратэгічных расійскіх бамбардзіроўшчыкаў, кшталту ТУ-160. А вось з маленькай ракетай еўрапейскія вайскоўцы не змогуць зрабіць нічога. І цяпер выходзіць, што для таго, каб нанесці ядзерны ўдар, Расіі нават не трэба падымаць бамбардзіроўшчыкі — досыць запусціць свае новыя ЗМ14 з ядзерным зарадам. І гэта добра разумеюць на Захадзе.
Пакуль, праўда, дакладныя характарыстыкі ЗМ14 невядомыя — пра іх можна меркаваць толькі са словаў расійскага ваеннага чынавенства. І тут маскоўскія адміралы супярэчаць адзін аднаму: адмірал Чарнаморскага флоту ацэньваў далёкасць палёту новых ракет у 1600 кіламетраў, а адмірал Каспійскага флоту — у 2500 кіламетраў. Але ў любым выпадку гэта шмат. У будучыні Расія плануе ўзброіць комплексамі «Калібр» усе караблі прыбярэжнай аховы, субмарыны ды інш. Зрэшты, «Калібр» можна ставіць паўсюль, хоць на звычайную машыну.
Але тут ёсць праблемы: адзіны завод у Расіі, здатны рабіць «Калібры», — гэта екацярынбургскі «Наватар». Але ён не дае рады масавай вытворчасці, таму пакуль што ў Расіі максімум некалькі дзясяткаў такіх ракет. Больш за тое, цяпер на заводзе распачалася капітальная мадэрнізацыя, якая таксама стрымае тэмпы вытворчасці.
«У перспектыве, пасля пераўзбраення, Расія рэальна можа выраўняць баланс ваенных сілаў у свеце. Але пакуль моц Каспійскага флоту наўрад ці перавышае моц залпа аднаго амерыканскага эсмінца», — падагульніў ваенны эксперт Алесін.
У 1987 годзе СССР і ЗША падпісалі дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці. Тады бакі спадзяваліся, што гэта спыніць гонку ў баявым ракетабудаванні. Але аказалася, што ўсё выйшла наадварот.