Украіна і Швецыя заваявалі апошнія пуцёўкі на Еўра-2016
Зборныя Украіны і Швецыі заваявалі апошнія пуцёўкі на чэмпіянат Еўропы па футболе.
uefa.com
Украінцы сёння, 17 лістапада, згулялі ўнічыю ў гасцях са Славеніяй — 1:1 (Ярмоленка, 90+7, Цэсар, 12). У Львове 14 лістапада Украіна перамагла з лікам 2:0.
Украіна, нагадаем, гуляла ў нашай адборачнай групе і заняла 3-е месца. Падапечныя Міхайлы Фаменкі двойчы выйгралі ў беларусаў.
uefa.com
Таксама пуцёўку заваявала Швецыя, што ў гасцях згуляла ўнічыю з Даніяй — 2:2 (Поульсен, 81, Вестэргаад, 90+1 — Ібрагімавіч, 24, 76). Першы матч шведы выйгралі з лікам 2:1.
Чэмпіянат Еўропы па футболе павінен прайсці з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2016 г. у Францыі. Упершыню ў ім удзел возьмуць 24 зборныя. З 1996 г. на Еўра гулялі па 16 камандаў.
Пуцёўкі на яго заваявалі: Францыя (як гаспадыня спаборніцтваў), Чэхія, Ісландыя, Турцыя, Бельгія, Уэльс, Іспанія, Славакія, Германія, Польшча, Англія, Швейцарыя, Паўночная Ірландыя, Румынія, Аўстрыя, Расія, Італія, Харватыя, Партугалія, Албанія, Венгрыя, Ірландыя, Швецыя, Украіна.
Лёсаванне групаў пройдзе 12 снежня ў Парыжы.