ЦВК: Грамадзяне Арменіі прагаласавалі за адмову ад прэзідэнцкай рэспублікі
Цэнтральная выбарчая камісія Арменіі ў 06:00 раніцы завяршыла электронны падлік галасоў на канстытуцыйным рэферэндуме. Да гэтай гадзіны апрацаваны вынікі з усіх 1997 выбарчых участкаў. Яўка склала 50,5%.
Паводле папярэдніх дадзеных за прыняцце канстытуцыйных рэформаў прагаласавала 825.622 грамадзян, 63,35% ад агульнай колькасці прагаласаваўшых на гэтых участках грамадзян або 32,17% ад агульнай колькасці грамадзян, якія ўключаны ў спісы выбаршчыкаў на гэтых участках.
Супраць прагаласавала 421.593 грамадзян, 32,35% ад агульнай колькасці прагаласаваўшых на гэтых участках грамадзян або 16,42% ад агульнай колькасці грамадзян, якія ўключаны ў спісы выбаршчыкаў на гэтых участках.
Паводле вынікаў рэферэндуму Арменіі пяройдзе ад прэзідэнцкай формы праўлення да парламенцкай. Апазіцыя вечарам правяла мітынг, заклікаючы не прызнаваць вынікаў. Яны мяркуюць, што гэта дасць сённяшняму прэзідэнту краіны Сержу Саргсяну захаваць уладу. Паводле канстытуцыі, ён не можа балатавацца як прэзідэнт, але можа перамагчы на парламенцкіх выбарах і стаць прэм'ер-міністрам.