Супрацоўнікам ФСБ забаранілі самавольны выхад у сацсеткі
Расійская Дзярждума прыняла ў аўторак у першым чытанні праект дапаўненняў да закона аб ФСБ, па якіх супрацоўнікам дзяржбяспекі будзе забаронена мець замежныя актывы, а таксама пісаць у сацсеткі і мець зносіны з «замежнымі агентамі» без санкцыі начальства.
«Вайскоўцы і грамадзянскі персанал органаў федэральнай службы бяспекі могуць размяшчаць свае персанальныя дадзеныя ў сацыяльных сетках, блогах (мікраблогах) і іншых сеткавых супольнасцях інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай сеткі Інтэрнэт у парадку, якi вызначаецца кіраўніком федэральнага органа выканаўчай улады ў галіне забеспячэння бяспекі», — гаворыцца ў шырокім законапраекце, які дэпутаты Дзярждумы ўхвалілі ўвечары ў аўторак.
Цяпер законам аб ФСБ супрацоўнікам службы проста забаронена размяшчаць у інтэрнэце ці сродках масавай інфармацыі інфармацыю, якая «дазваляе раскрыць ведамасную прыналежнасць да кадравага складу органаў федэральнай службы бяспекі, аб сваёй службовай дзейнасці, дзейнасці органаў федэральнай службы бяспекі».
У парадку, вызначаным начальствам, супрацоўнікі ФСБ павінны будуць і кантактаваць з замежнікамі, міжнароднымі арганізацыямі, замежнай прэсай, а таксама тымі некамерцыйнымі арганізацыямі, якія расейскія ўлады ўнеслі ў рэестр «замежных агентаў».
Акрамя таго, калі дапаўненні да закона будуць прынятыя, ваеннаслужачым і грамадзянскай супрацоўнікам ФСБ давядзецца ў тэрмін, вызначаны кіраўніцтвам, пазбавіцца ад усёй маёмасці за мяжой і закрыць рахункі за мяжой. Пры гэтым апошняе патрабаванне распаўсюджваецца і на мужа альбо жонку і непаўналетніх дзяцей супрацоўнікаў дзяржбяспекі.