Былая жонка Пуціна выйшла замуж за бізнэсмена, маладзейшага за яе на 20 гадоў?
Расійскае выданне «Собеседнік» даведалася, што былая першая лэдзі Расіі Людміла Пуціна змяніла прозвішча.
Уладзімір і Людміла Пуціны абвясцілі аб сваім разводзе ў ліпені 2013 года, і пасля гэта жанчына з'явілася на публіцы толькі аднойчы.
Вясной 2014 года яна выступіла на цырымоніі ўручэння Горкаўскай літаратурнай прэміі. Гэтая прэмія заснаваная выдавецкім домам «Літаратурная вучоба» — даччынай кампаніяй Цэнтра развіцця міжасобасных камунікацый (ЦРМК). Узначальвае абедзве гэтыя структуры 37-гадовы Артур Ачарэтны.
Ад сярэдзіны 2000-х малодшая сястра Людмілы Пуцінай узначальвала кампанію «Інтэр'ерсэрвіс», блізкую да ЦРМК. Паводле дадзеных расійскага рэестра юрыдычных асобаў, з верасня 2014 заснавальнікам кампаніі стала Людміла Аляксандраўна Шкрабнёва.
Дзявочае прозвішча былой жонкі Пуціна — Шкрабнёва. Атрымліваецца, пасля разводу Пуціна вярнула сабе дзявочае прозвішча?
Аднак выглядае, што ў такім статусе яна была нядоўга.
У студзені 1995 года сям'я Пуціна стала ўладальніцай 139-метровай кватэры ў Санкт-Пецярбургу. Аднак праз тры гады пасля іх пераезду ў Маскву правы на нерухомасць былі перааформлены на Кацярыну Шкрабнёву, цешчу Уладзіміра Пуціна.
Наступная змена ўласнікаў адбылася ўжо ў ліпені 2015-га. Па праве спадчыны кватэра перайшла да сястры Людмілы Пуцінай Вольгі Цамаевай, а ад яе па дамове куплі-продажу — да Людмілы Аляксандраўны… Ачарэтнай.
У выпісцы з рэестра месца і дата нараджэння Ачарэтнай супадаюць з дадзенымі Людмілы Аляксандраўны Пуцінай.
Артур Ачарэтны не стаў адказваць на пісьмовы запыт наконт свайго магчымага шлюбу.
Фота: Артур Ачарэтны/Facebook
Расійскія журналісты звяртаюць увагу, што «Цэнтр развіцця міжасобасных камунікацый» атрымліваў шчодрыя грошы ад дзяржаўных кампаній, у тым ліку «Транснефті». У гэтым жа цэнтры працаўладкаваныя некаторыя іншыя асобы, звязаныя з сям'ёю Пуціна.