Ураджэнцу Мачулішчаў пажыццёвае зняволенне замянілі на расстрэл
15 лютага Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 31-гадовага ўраджэнца вёскі Мачулішчы Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага. Мужчына здзейсніў жорсткае забойства дзвюх і больш асоб.
Сяргей Хмялеўскі. Фота tut.by
Раней абвінавачаны быў неаднаразова судзімы - за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. (Ч.2 арт. 205 КК - 1999 год; ч. 2 арт. 205 КК -2000 год; ч.2 арт. 339 КК — 2001 год; ч.2 арт.149 КК, ч.3 арт. 207 КК, ч. 1 арт. 172 КК — 2003 год; ч.2 арт. 206 КК, ч. 3 арт. 339 КК, арт. 415 КК — 2010 год).
Па апошняй крымінальнай справе яму было прад'яўленае абвінавачванне ў забойстве дзвюх і больш асоб, учыненым з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне. А таксама ў крадзяжы, замаху на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, незахаванні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.
Як піша Tut.by, крымінальная справа была распачатая ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Мінскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.
Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.
Гэта другі смяротны прысуд вынесены ў Беларусі ў 2016 годзе. Нагадаем, прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю.