БЕЛ Ł РУС

Вольскі выдаў сольны альбом, які распаўсюджваецца бясплатна

16.04.2008 / 14:39

Nashaniva.com

Альбом складаецца з 10 песень, вытрыманых у стылістыцы арт‑брутал і трэш‑шансон.


16 красавіка на сайце Лявона Вольскага адбыўся рэліз дэбютнага сольнага альбому Лявона Вольскага «Куплеты і прыпевы» — ён распаўсюджваецца цалкам бясплатна ў лічбавым фармаце mp3.

Альбом складаецца з 10 песень, вытрыманых у стылістыцы арт‑брутал і трэш‑шансон. У якасці бонуса на сайце таксама можна спампаваць трэш‑відэа «Эўравізія». «Я сам не ведаю, чаго ў гэтым альбоме больш — чорнага гумару ці музыкі», — прызнаецца Лявон Вольскі.

Як усё рабілася

Ідэя альбому з’явілася ўвосень 2006. «Я недзе прачытаў пра тое, як нейкі дэпутат прапанаваў стэрылізаваць бамжоў, алкаголікаў і злосных аліментшчыкаў, — распавядае Лявон. — Адразу нарадзілася песня «Дэпутаты». Яна і дала ідэю — зрабіць гэткі брутальны трэш‑шансон‑праект».

Астатнія песні з’явіліся вельмі хутка. Ужо ўвесну 2007 альбом быў запісаны, а летам — зведзены. Апошняй кропкай у падрыхтоўцы стаў кліп «Эўравізія», зняты ў лістападзе 2007. Ён жа стаў першым крокам у прамоцыі дыску — прэм’ера гэтага трэш‑відэа адбылася 1 красавіка. За два тыдні яго паглядзела больш за 5 тысяч інтэрнэт‑карыстальнікаў.

Музычны бок

«Куплеты і прыпевы» — гіпермінімалістычны і гіперканцэптуальны праект. Амаль увесь ён зроблены Лявонам Вольскім на культавым старым сінтэзатары Kurzweil, за выняткам некалькіх партый, выкананых на гітары Паўлам Трацяком.

«Я хацеў, каб аранжыроўкі максімальна адпавядалі канцэпцыі, — гаворыць Вольскі. — Таму што, на мой погляд, галоўнае ў гэтых песнях не музыка, якая грае даволі фармальную ролю, а менавіта тэкст і сама аура. У пэўным сэнсе гэта нават не «песні», а менавіта «куплеты і прыпевы». Таму так і завецца альбом».

Лірыка

«Куплеты і прыпевы» — гэта сатырычныя замалёўкі на мяжы рэчаіснасці і брутальнай фантазіі. Іх «лірычныя» героі ўзятыя з рэальнага жыцця — алкаголікі і оперныя спявачкі, дэпутаты і палітычныя каментатары, эстрадныя зоркі і памежныя кантрабандысты. Адзіны міфічны герой гэтага дыску — жыдамасоны.

«Жыдамасоны, як прычына ўсіх праблемаў у жыцці грамадства, — гэта бадай адзін з найбольш вялікіх гістарычных міфаў, які быў прыдуманы на пачатку 20‑га стагоддзя ў царскай Расіі і з таго часу шмат выкарыстоўваўся нават у часы СССР, — тлумачыць Лявон. — Насамрэч добра вядома, што габрэяў сярод масонаў было не больш за рускіх і прадстаўнікоў іншых нацый. Зараз гэтага міфа ўжо няма, але традыцыі абвінавачваць у сваіх праблемах усіх, акрамя сябе, на жаль, засталіся. Менавіта пра гэта і песня».

P. S.

Альбом атрымаўся брутальны і жорсткі з аднаго боку, тэатральны і гумарыстычны з другога. Шмат хто скажа, што ён абсурдны, і Лявон Вольскі першы пагадзіцца з гэтым. «Так, ён абсурдны. Такі ж абсурдны, як наша жыццё! Толькі на мастацкі лад», — усміхаецца спявак.

afisha.tut.by

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула