Ад Расіі да Каба-Вэрдэ: дзе «засвяціліся» карткі багатых беларусаў
Больш за ўсё транзакцый уладальнікі прэміум-картак здзяйсняюць у Расіі. А вось Егіпет не ўвайшоў нават у 30-ку. Такія дадзеныя прыводзіць Альфа-Банк, спасылаючыся на маркетынгавае даследаванне замежных транзакцый з выкарыстаннем картак тыпу Gold, Platinum і Infinite.
«Геаграфія падарожжаў уладальнікаў «залатых» картак вельмі шырокая — ад Бразіліі да Нарвегіі, — кажа куратар партнёрскай праграмы Golden Alfa Анастасія Пятровіч. — Пры гэтым колькасць замежных транзакцый пастаянна расце: людзі аддаюць перавагу браць у паездку картку і не рызыкаваць вялікай сумай наяўных». Усяго карткі заможных беларусаў «засвяціліся» ў мінулым годзе ў 115 краінах свету.
Самым папулярным кірункам прадказальна аказалася Расея. «На яе прыходзіцца пятая частка ўсіх транзакцый уладальнікаў «голдавых» карт. Другое месца займае Вялікабрытанія, у якой праходзіць 15% замежных аперацый з удзелам беларускіх прэміум-карт. На трэцім месцы знаходзіцца Польшча з 10% замежных транзакцый», — гаворыцца ў даследаванні.
Акрамя таго, у пяцёрку ўвайшлі Літва і ЗША. Папулярнымі аказаліся такія напрамкі, як Іспанія, Італія, Украіна. Замыкае дзясятку Латвія. А вось папулярнае месца адпачынку — Егіпет — не ўвайшоў нават у 30-ку. Праўда, быць можа, прычына ў паездках па сістэме «ўсё ўключана».
Сярод экзатычных кірункаў — Каба-Вэрдэ, Макаа, Сінгапур, Куба і Ямайка. Беларусаў з дастаткам таксама прыцягваюць карлікавыя дзяржавы, у тым ліку Ватыкан, Манака, Андора, Ліхтэнштэйн, Маўрыкій і Барбадос.