Расійскі піяршчык падаў у суд на «Яндэкс», бо «аблысеў праз дрэнныя навіны»
Хамоўніцкі суд Масквы прыняў да разгляду пазоў, пададзены да кампаніі «Яндэкс» мужчынам, які сцвярджае, што аблысеў праз чытанне дрэнных навін праз сэрвіс «Яндэкс.Навіны».
tjournal.ru
У картцы справы на сайце суду гаворыцца, што пазоў Рамана Масленнікава прыняты да разгляду 21 сакавіка — гэта значыць усяго праз тры дні пасля рэгістрацыі. Папярэднія слуханні прызначаныя на 7 красавіка.
Адвакат пазоўніка Уладзімір Жыганаў заявіў выданню TJournal, што лічыць такое хуткае прыняцце пазову да разгляду прыкметай цікавасці, праяўленай судом да заявы.
У сваім пазове Масленнікаў сцвярджае, што доўгае чытанне навін праз агрэгатар «Яндэкс.Навіны»» выклікала ў яго моцны стрэс, які ў выніку прывёў да аблысення.
У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад кампаніі кампенсацыю ў памеры 500 тысяч рублёў.
Пры гэтым пазоўнік працуе ў PR-агенцтве і сваю заяву падае як прыклад паспяховай працы, адзначаючы, што навіна аб падачы пазову трапіла ў прайм-тайм федэральных тэлеканалаў.