БЕЛ Ł РУС

Паэтычнага батлу паміж Найдзёнавым і Рыжковым не будзе

4.04.2016 / 14:15

Мікіта Недаверкаў

На пачатку сакавіка «Наша Ніва» пісала пра відэазварот паэта Мікіты Найдзёнава да журы прэміі «Дэбют», дзе ён выказаў нязгоду з іх рашэннем і выклікаў трох чалавек з журы на паэтычны батл.

Тады выклік на паэтычны батл прыняў Віталь Рыжкоў, які ўваходзіў у склад журы «Дэбюту». Але, перадусім, была адна ўмова — дабрачыннае ахвяраванне ў фонд «Вяртанне» ў суме, эквівалентнай $435 (гэта памер прэміі за кнігу, што застаўся пасля аплаты падатку).

Сёння Мікіта Найдзёнаў даслаў адказ на ўмову Віталя.

«Вельмі добра, што сп. Рыжкоў ведае сабе цану, шкада толькі, што ён яе агучвае. Вядома, зоркі за карпаратывы звычайна бяруць нашмат больш, чым за звычайныя выступы, а Рыжкоў відавочная зорка, прынамсі, на яго думку. Шкада, што ў мяне няма лішніх 500 даляраў за яго выступленне».

«Адзінае што: мне незразумелая сувязь паміж нашым батлам і грашыма за прэмію. Асабліва калі сп. Рыжкоў выступае як незалежны літ. араты, а не прадстаўнік журы. Бо да прэміі і арганізатараў «Дэбюта» я не маю ніякіх прэтэнзій, а наадварот удзячны ім і за ўвагу да маёй творчасці, і за грашовую падтрымку». 

«Калі яшчэ раз тлумачыць прычыны выкліку на батл, цяпер ужо ў прозе, то мяне абразіла не тое, што я не атрымаў дэбют, а тое, што сёлета аніхто з маладых паэтаў яго не атрымаў, а іх было 11. А гэты фарс з шорт-лістом, панібрацкім пахлопваннем па плячы ад сп. Лянкевіча і пустым канвертам шмат каму падаўся неэтычным і недарэчным. Сёлета сябрамі журы былі ўпершыню збольшага самі былыя дэбютанты гэтай прэміі, у якіх раптоўна выраслі крылы і расплюшчылася трэцяе вока. І мне падалося, што нас яны бачылі не столькі як канкурсантаў, колькі як канкурэнтаў. Таму я і захацеў, каб мы выступалі на роўных у адкрытым паядынку».

«Што да пляцоўкі, секундантаў і аператараў – то гэтыя арганізацыйныя клопаты я таксама магу ўзяць на сябе. Мой тэкст таксама амаль гатовы. Я лёгка перажыву, калі Рыжкоў не стане са мной батліць, але плаціць за яго ўдзел у паэтычным батле дакладна не буду».

Віталь Рыжкоў на такі адказ Мікіты пракаментаваў адным словам: «Слабак». 

Як Вы лічыце, хто мае рацыю ў дадзенай спрэчцы? Выказвайцеся ў каментах!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула