БЕЛ Ł РУС

Сенат Францыі зацвердзіў рэзалюцыю аб паступовай адмене санкцый супраць Расіі

8.06.2016 / 22:31

Nashaniva.com

Верхняя палата парламента Францыі (Сенат) у сераду звярнулася да ўрада краіны з просьбай паступова згарнуць эканамічныя санкцыі, уведзеныя Еўрапейскім саюзам супраць РФ.

Дадзенае рашэнне было прынята на вячэрнім пасяджэнні пасля 4-гадзіннага абмеркавання, паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».

Канчатковыя фармулёўкі рэзалюцыі пакуль не апублікаваныя — у тэкст дакумента былі ўнесеныя шэраг правак. Пазіцыя парламента падчас дэбатаў была некалькі змякчанай; у прыватнасці, уносіліся прапановы з нагоды паступовага характару зняцця санкцый.

Усяго ў Сенаце 348 дэпутатаў, за прагаласавала 302 дэпутаты, супраць — 16. Такім чынам, рэзалюцыю падтрымала абсалютная большасць дэпутатаў Сената.

У той жа час, дакумент не з'яўляецца абавязковым для ўрада Францыі, гаворка ідзе пра палітычную пазіцыю (рэкамендацыю) парламента краіны.

Рашэнне аб працягу санкцый супраць РФ, як чакаецца, будзе прынята Радай ЕС у бліжэйшыя тыдні; на майскай сустрэчы Вялікай Сямёркі прэзідэнт Францыі падтрымаў захаванне санкцый.

Раней Вярхоўная рада Украіны прыняла афіцыйны зварот да Сената Францыі з заклікам не галасаваць за рэзалюцыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула