Венгрыя давала бой Бельгіі, пакуль не развалілася ўшчэнт напрыканцы матча
Зборная Венгрыя паказала ўсё, што магла, у матчы з Бельгіяй, але гэтага казалася недастаткова для выхаду ў чвэрцьфінал. «Усё, што магла» — гэта перадусім настрой на гульню, бо клас бельгійцаў быў нашмат вышэйшым.
Бельгія адкрыла лік ужо на пачатку гульні. На 10-й хвіліне пасля навеса з фланга адзначыўся абаронца Тобі Алдэрвейрэлд.
Бельгійцы дазвалялі суперніку кантраляваць мяч, але наносілі стрэлы ў адказ у імклівых контратаках. Найлепшым выглядаў Эдэн Азар, спыніць якога ўдавалася толькі з парушэннем правілаў. Некалькі разоў Венгрыю выратаваў Габар Кірай — той самы варатар у смешных штанах.
Аднак да канца гульні венграм не хапіла сілаў. На 78-й і 80-й хвілінах Азар зрабіў два галы. Спачатку выкаціў мяч пад удар Мішы Бачуаю, які забіў літаральна праз хвіліну пасля выхаду на замену. А ў наступнай атацы Азар эфектным ударам паставіў кропку сам.
Эдэн Азар.
Нарэшце, у кампенсаваны час забіў Янік Караска. 4:0 — самы буйны лік на гэтым чэмпіянаце.
Венграм застаецца падзякаваць па ўдалы выступ на Еўра — яны і так скочылі вышэй за галаву.
А бельгійцаў чакае чвэрцьфінал з Уэльсам, а пасля, магчыма, паўфінал з Партугаліяй ці Польшчай.
З такой гульнёй, як у матчы з Венгрыяй, бельгійцам не будзе страшны ніводзін супернік.