БЕЛ Ł РУС

Пасля трагікамічнай серыі пенальці Італія вылятае з Еўра, Германія рушыць у паўфінал

3.07.2016 / 00:49

Браніслаў Юрэвіч

Чвэрцьфінал Еўра-2016 паміж Германіяй і Італіяй, які многія спецыялісты называлі «датэрміновым фіналам», скончыўся футбольнай латэрэяй. У даўжэзнай серыі пасляматчавых пенальці (білі па 9 разоў!) Германія аказалася мацнейшай. Італія вяртаецца дахаты.

Гэты быў матч роўных каманд, які скончыўся з цалкам лагічным вынікам 1:1.

Адна з нямногіх памылак італьянцаў у абароне прывяла да гола Месута Азіла на 65-й хвіліне. Джанлуіджы Буфон не здолеў выратаваць каманду пасля ўдару з блізкай дыстанцыі.

А праз 13 хвілін надышоў час засмуціцца немцам. Бясспрэчны пенальці за гульню рукой суперніка ў штрафной пляцоўцы ўзяўся прабіць абаронца Леанарда Банучы. Брамнік Германіі Мануэль Ноер угадаў накірунак удара, але ўсё ж не дастаў да мяча.

Сустрэча перацякла ў дадатковы час, дзе абедзве зборныя гулялі асцярожна.

Футбольных гурманаў чакала серыя пенальці, у якой адразу пачаўся парад памылак. У Італіі не забіў Сімонэ Дзадза (ён выйшаў на замену на 120-й хвіліне, спецыяльна пад серыю пенальці!), Пеле (міма варот), Леанарда Банучы и Матэа Дарміян; у Германіі — Томас Мюлер, Месут Азіл (трапіў у штангу) і Басцьян Швайнштайгер (міма).

Вечарам у нядзелю вызначыцца наступны супернік Германіі. За права згуляць у паўфінале пазмагаюцца Францыя і Ісландыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула