Выйшаў першы нумар «Нашай Нівы» ў фармаце месячніка
У продажы з'явіўся першы нумар «НН» у фармаце месячніка. НН-месячнік будзе выходзіць у першую сераду кожнага месяца.
Большыя матэрыялы з месячніка мы не будзем публікаваць на сайце.
На NN.BY шукайце навіны і каментары, а таксама забаўкі ўсяго патроху. А месячнік хай будзе для няспешнага чытання, каб удумацца. Так мы бачым яго канцэпцыю. У астатнім — ніякіх зменаў. «НН» па-ранейшаму будзе люстрам беларускіх дзён.
У якасці першай тэмы ліпеньскай «НН» мы выбралі тэму нейтралітэту — патэнцыйнага «нейтралітэту Бел.».
Ці пагражае Беларусі вайна? Якая? І якім чынам можна ад яе ўхіліцца? Цікавыя факты прыводзіць аналітык Арсень Сівіцкі.
Вялікую працу напісаў аўтар «НН» з 1999 года Сяргей Богдан.
Нарэшце, новыя аспекты раскрывае матэрыял Алеся Гелагаева пра навінкі зброі.
Цэнтрам палос культуры стала новая аповесць Уладзіміра Арлова — выдатнага пісьменніка, аўтара «НН» ад часу яе аднаўлення ў 1991. Назва ўразаецца ў памяць: «Чорны чалавек на зялёнай канапе».
Андрусь Горват дае працяг свайго дзённіка: «Дзённік Горвата. Лета з казой». Дакладней, ён прасіў абазначыць яго як «Заканчэнне», яму больш не хочацца выстаўляць сваё прыватнае жыццё на публіку, але мы не губляем надзеі ўгаварыць яго пісаць далей. Усё ж пачатак гэтага дзённіка стаў самай чытанай публікацыяй па-беларуску за 2015 год (больш за 106 тысяч праглядаў толькі ў інтэрнэце).
Антрапатурызм — гэтым разам новае падарожжа з «НН», з Андрэем Скурко, уздоўж лініі сутыкнення ВКЛ і Масковіі.
Катастрофа — стан гуманітарнай навукі як у Беларусі, так і ў ЕГУ. Праблему ўздымае філосаф Пётра Рудкоўскі.
І натхняльная веліч духу — у рэпартажы Сяргея Гудзіліна пра дзяўчыну Сашу.
Пытайцеся ў кіёсках, а найлепш — падпісвайцеся.
* * *
На «Нашу Ніву» цяпер можна лёгка і выгадна падпісацца праз «Белпошту». Кошт падпіскі на месяц — 2,71 рублёў (індэкс 63125), для прадпрыемстваў — 2,74 (індэкс 631252). Прычым аплаціць падпіску можна і не ўстаючы з крэсла.
Падрабязную інструкцыю падпіскі на газету праз інтэрнэт крок за крокам можна знайсці тут.
Як падпісацца на pdf-версію — чытайце тут.
Памятайце, што Наша Ніва / NN.BY — незалежная газета. Яна існуе на ахвяраванні і грошы з продажаў. Таму яна адлюстроўвае інтарэсы беларускага грамадства, а не дзяржавы. Наша Ніва была заснаваная ў 1906, адноўленая ў 1991. Ахвяраваць грошы на НН можна ў любым банку, а таксама праз АРІП. Дзякуй за падтрымку!