Драма з закладнікамі ў Арменіі працягваецца
Узброеныя прадстаўнікі радыкальнай апазіцыйнай групы працягваюць утрымліваць групу паліцэйскіх на тэрыторыі палка патрульна-паставой службы паліцыі Арменіі ў Ерэване, які яны захапілі напярэдадні.
Нагадаем, што ў выніку нападу на размешчаны ў ерэванскім раёне Эрэбуні ўчастак паліцыі загінуў палкоўнік паліцыі Артур Ванаян, яшчэ чацвёра паліцэйскіх былі параненыя. Сярод нападнікаў таксама адзін чалавек атрымаў раненне.
Намеснік начальніка паліцыі Арменіі Унан Пагасян паведаміў СМІ, што з членамі радыкальнай групы, якія захапілі будынак паліцыі, вядуцца перамовы. Ён, аднак, выключыў выкананне іх патрабавання па вызваленні арыштаванага ў мінулым месяцы лідара руху «Устаноўчы парламент» Жырайра Сефіляна.
Як паведамляюць СМІ, напярэдадні ў тэлефоннай размове са сваімі прыхільнікамі, якія захапілі будынак паліцыі, Сефілян сказаў, што яны павінны самі вырашаць, што рабіць далей.
«Жырайр Сефілян не ведаў ні пра што. Я апісаў сітуацыю, распавёў пра тое, што здарылася. Але ён быў не ў курсе, таму сказаў: «Вырашайце самі», — у інтэрв'ю газеце «Жагавурд» сказаў адзін з членаў узброенай групы Павел Манукян.
Між тым прадстаўнікі асноўных палітычных сілаў Арменіі, у тым ліку шэрагу апазіцыйных партый, асудзілі напад на паліцэйскі ўчастак у Ерэване, падкрэсліваючы, што палітычныя пытанні павінны вырашацца негвалтоўнымі канстытуцыйнымі метадамі.
У сувязі з сітуацыяй Армянская Апостальская Царква таксама заклікала да разважлівасці людзей, якія ажыццявілі ўзброены напад, каб стала магчымым урэгуляваць сітуацыю выключна мірным шляхам і пазбегнуць новых чалавечых ахвяр.
Праваахоўныя органы Арменіі адпусцілі каля 50 чалавек, якія былі затрыманыя напярэдадні па падазрэнні ў сувязі з членамі радыкальнай групы, якія ажыццявілі напад на паліцэйскі ўчастак. Гэтую інфармацыю падалі з Офіса амбудсмэна Арменіі.
Раней у Паліцыі заявілі, што падвергнутыя прыводу каля 200 чалавек, якіх правераць на сувязь з узброенымі асобамі, якія захапілі будынак паліцыі.
Прэзідэнт Арменіі склікаў нараду.